Скаўтынг — стыль жыцця і няспынныя прыгоды |
Інтэрв'ю |
19.07.2011 16:47 |
Скаўт — гэта добры хрысціянін Класічны скаўтынг быў заснаваны Робертам Сцівенсанам Бадэн-Паўэллам у 1907 г. у Вялікабрытаніі. Праз шэсць гадоў святар а. Жак Севін з дазволу Паўэла адаптаваў яго метад да каталіцтва. І ўжо ў 1920 г. паралельна асноўнай педагогіцы з’явілася група каталіцкіх скаўтаў. Вядома, што на тэрыторыі Расійскай імперыі скаўты з’явіліся яшчэ ў пачатку XX ст., але пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі педагогіку скаўтынгу замяніў піянерскі рух, створаны на яго падабенства, але з моцным ідэалагічным ухілам. Пасля Другой сусветнай вайны, у 1956 г. была створана Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу (FSE), якая мела на мэце аб’яднаць усіх скаўтаў Еўропы на падставе хрысціянства. У іншых жа супольнасцях скаўтынгу ёсць і вызнаўцы іншых рэлігій. У 2003 г. FSE атрымала прызнанне Апостальскай Сталіцы як прыватнай арганізацыі свецкіх. Сёння Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу існуе ў 19 краінах Еўропы і аб’ядноўвае каля 55 тысяч скаўтаў, пераважна католікаў. У Беларусі скаўты існуюць з 1989 г., калі было створана аб’яднанне беларускіх скаўтаў. Сёння ў парафіяльных групах Гомеля, Барысава, Мінска, Івянца, Паставаў, Лынтупаў, Глыбокага, якія практыкуюць педаагогіку FSE, налічваецца каля 150–200 скаўтаў усіх узростаў. Самая першая асацыяцыя са словам «скаўт» — гэта добры хрысціянін. Як і для ўсіх хрысціянаў, галоўная мэта кожнага скаўта — стаць святым. Далучыцца да скаўцкай прыгоды Ад іншых хрысціянскіх арганізацый скаўтынг адрозніваецца сваім унікальным метадам Бадэн-Паўэлла «выхавання малодшых малодшымі». Пры гэтым адрозніваецца педагогіка сярод хлопцаў і дзяўчат. Прататыпам скаўцкай групы была дваровая банда. Бачучы дзяцей, якія збіраюцца групамі на панадворку, Бадэн-Паўэл вырашыў накіраваць іх дзеянні ў правільнае русла (на пачатку XX ст. многія дзеці ў Англіі з-за адсутнасці грошаў не мелі магчымасці вучыцца ў школах, а былі вымушаны займацца крадзяжом, хуліганілі). Выхаванне праходзіць у малых групах, якія называюцца коп’ямі, і ў якія ўваходзяць хлопцы ад 12 да 16 гадоў. Кап’ё звычайна складаецца з 6–8 чалавек. Шэфам для гэтых хлопцаў з’яўляецца старэйшы сярод іх, якога называюць кап’явым. Скаўцкія коп’і (маленькія групы) разам утвараюць «звяз» (складаецца з трох-чатырох коп’яў). Узначальвае яго малады чалавек ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Пры гэтым «звязовы» працуе толькі з кап’явымі, а яны ўжо непасрэдна са сваёй групай. У прынцыпе, да скаўцкай прыгоды можна далучыца ў любым узросце. Дзеці ад 8 да 11 гадоў таксама аб’ядноўваюцца ў групы (называюцца «ваўчаняты»). Тут дзеці яшчэ толькі рыхтуюцца стаць скаўтамі. Яны жывуць па кнізе джунгляў. У зграі, якую ўзначальвае Акела, вызначаюцца таксама асістэнты «Балу», «Багіра», «Каа» і інш. У Еўропе існуюць таксама так званыя «бабры» для дзяцей 6–8 гадоў. Для працы моладзі ад 17 гадоў існуе іншае педагогіка, а іх групы называюцца «кола» (хлопцы) і «вогнішча» (дзяўчаты). Выхаванне тут ужо не групавое, а асабістае. Кожны з іх выбірае сталага спаведніка (святар) і «апекуна шляху» (свецкі), які можа дзяліцца асабістым досведам у дарослым жыцці. Педагогіка FSE у гэтым узросце асаблівым чынам накіравана на развіццё духоўнасці і служэнне іншым. Скаўты кажуць, што вандроўніцкая педагогіка ўваходзіць праз ногі, таму гэтыя юнакі шмат пілігрымуюць і падарожнічаюць. Сустракаюцца скаўты (хлопцы і дзяўчыны, «ваўчаняты», «скаўты» і «вандроўнікі») пераважна на агульных святах. Галоўным з іх з’яўляецца своеасаблівае «прафесійнае» свята Дзень братэрскай думкі, які адзначаецца 22 лютага (у дзень народзінаў заснавальніка). У гэты дзень скаўты розных краінаў дасылаюць адно аднаму паштоўкі, а само святкаванне можа праходзіць у любой форме. Скаўты адзначаюць таксама святы ўсіх нябесных апекуноў Еўропы. А Дзень малітвы за FSE адзначаецца 25 сакавіка ва ўрачыстасць Звеставання. У чым сутнасць педагогікі FSE? У скаўтынгу ёсць пяць мэтаў, выконваючы якія чалавек можа развівацца ўсебакова:
Дзяўчаты і хлопцы скаўты займаюцца ў асобных групах. Перш за ўсё гэта абумоўлена псіхалагічнымі і фізіялагічнымі адрозненнямі, але і тым, каб здолець рэалізаваць сябе цалкам, а не падзяляць працу на мужчынскую і жаночую, бо сэнс палягае на ўсебаковым развіцці. Скаўцкая педагогіка асобная для дзяўчат і хлопцаў. Актыўна працуюць скаўты з бацькамі. Дасылаюць бацькам лісты, фотаздымкі са скаўцкіх сустрэч. Раз на квартал робяць бацькоўскія сходы, запрашаюць іх на летнікі для таго, каб ведалі, што такое скаўтынг і чым займаюцца іх дзеці. Часам, маці нават не могуць паверыць у тое, што іх дзеці могуць прыгатаваць такія смачныя блюды. Скаўта пазнаеш не толькі па паходцы
Сцяг скаўтаў уяўляе сабой палоскі дзвюх колераў — белага і чорнага, як сімвал барацьбы паміж дабром і злом, але белага клеру больш (52%), як сімвал перамогі дабра. Лілея азначае чысціню, а таксама як арыенцір на поўнач на старажытных картах паказвае правільны кірунак — шлях да Бога. Скаўтынг — гэта стыль жыцця
Скаўцкая прысяга даецца да канца жыцця, але, зразумела, што бываюць такія перыяды ў жыцці, калі чалавек менш часу прысвячае скаўтынгу. Усё ж такі скаўтынг не галоўнае ў жыцці. На першым месцы павінен быць Бог, пасля сям’я, праца. І калі скаўтынг чамусьці з гэтага перашкаджае, то павінен адысці на далейшы план. Гутарыла Святлана Жылевіч
+375 29 108 23 82 Павел Граковіч (хлопцы) +375 29 692 94 48, +375 29 864 62 71 Вольга Гарашэвіч (дзяўчаты). |