Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый прыняў удзел у скаўцкім свяце ў Барысаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.02.2013 08:39

Для скаўтаў ёсць светлы, радасны дзень, цеплыня якога не залежыць ад прыродных умоў і надвор’я. Гэты дзень — 22 лютага, калі адзначаецца скаўцкае свята «Дзень братэрскай думкі» — дзень нараджэння заснавальніка скаўтынгу Роберта Сцівенсана Бадэн-Паўэла. У гэтым годзе святочная сустрэча парафіяльных груп, якія практыкуюць педагогіку Федэрацыі скаўтаў Еўропы, адбылася 24 лютага ў Барысаве.

Каб пабыць разам, падзяліцца сваім запалам і адчуць еднасць і братэрства, у Барысаў з’ехаліся скаўцкія адзінкі з розных гарадоў і мястэчак Беларусі: Мінска, Івянца, Барысава, Гомеля, Паставаў, Лынтуп, Віцебска, Гродна. Святкаванне распачалося ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў  Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Вызначальнасць літургіі падкрэсліла прысутнасць на ёй Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Францыі ў Беларусі Мішэля Рэнеры і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Германіі Вальфрама Мааса.

Мала хто бачыў барысаўскі касцёл такім перапоўненым, як у гэты дзень. Вялікая парафіяльная сям’я сабралася разам, каб прыняць удзел ва ўрачыстай Імшы. Апостальскі Нунцый звярнуўся да прысутных з заклікам часцей глядзець у неба і не забывацца пра тое, што кожны чалавек, створаны на вобраз Божы, з’яўляецца прыгожым. Гамілія была адрасавана найперш моладзі. Арцыбіскуп адзначыў, што малады чалавек не павінен мець аніякіх страхаў у жыцці і мусіць смела і радасна выкарыстоўваць усе тыя магчымасці, якія дорыць юнацтва. Урачыстую літургію ўпрыгожыў спеў моладзевага хору барысаўскай парафіі.

Адным з найбольш кранальных момантаў для скаўтаў падчас літургіі стала прынясенне дароў: «Дзякуючы за дар руху скаўтаў, просiм, Добры Ойча, Твайго благаслаўлення i прыносiм Табе сёння нашы дары:

1. Берэт з крыжам, якi атрымоўвае скаўт пры прырачэннi, — сiмвал адданага служэння людзям. Прыносiм яго, просячы сiлы i мужнасцi ў нашым штодзённым служэннi.

2. Запалкi. Так, як распальваем вогнiшча ў лесе, так мы павiнны запальваць агонь Божы ў сэрцах маладых людзей для служэння. Прыносiм іх, просячы мудрасцi Духа Святога ў нашым сведчаннi веры.

3. Хустка — сiмвал скаўцкага адзiнства. Прыносiм яе, просячы, каб мы былi аднаго духа i аднаго сэрдца, дапамагалi адзiн аднаму ў справах веры i служэннi.

4. Басан — сiмвал шляху. Шлях азначае прыняцце адказнасцi. Прыносiм яго, просячы, каб мы не забылi, што на галоўным шляху нашага жыцця Ты з’яўляешся для нас Дарогай, Праўдай i Жыццём.

5. Сякера. Без яе не абыходзiцца не адзiн Ганаровы Суд, гэта сiмвал праўды. Прыносiм яе, просячы: аддалi ад нас усялякую хлусню i дай нам ласку жыць у праудзе.

6. Хлеб i вiно. Святая Камунiя з’яўляецца апошнiм праяўленнем неспасцiгальнай любовi Бога да чалавека. Прыносiм іх, просячы: навучы нас з эўхарыстычнай крынiцы чэрпаць сiлы i запал!».

У канцы святой Імшы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўдзяліў апошняе апостальскае благаслаўленне ад імя Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Пасля літургіі адбыўся канцэрт хору «Чароўнасць» барысаўскай музычнай школы.

Пасля набажэнства доўгая стужка аўтобусаў і машын накіравалася ў ваколіцы Барысава, дзе дзяцей і дарослых чакаў смачны абед, які прыгатавалі бацькі барысаўскіх скаўтаў. Пасля таго, як усе добра падсілкаваліся, адбылося ўрачыстае шыхтаванне. Пасля скаўты і скаўткі зніклі ў заснежаным лесе. Хлопцы імгненна ператварыліся ў індзейцаў і каланізатараў, а дзяўчаты апынуліся ў чароўных прыгодах барона Мюнхаўзена. У той час, калі скаўты перажывалі прыгоды ў зімовым лесе, цёплае памяшканне стала выдатнай пляцоўкай для вясёлых і шумных гульняў ваўчанят і божых каровак. Тут яны змаглі пабачыць міфічны лес, які да іх сам прыйшоў у госці, паспяваць вясёлыя песні, пагуляць у цікавыя гульні. У вясёлай і дружнай кампаніі незаўважна праляцелі адведзеныя гадзіны і прыйшоў час падвесці вынікі Дня братэрскай думкі 2013.

На заключным шыхтаванні былі аб’яўлены вынікі гульняў, пераможцы  якіх атрымалі падарункі.  Прагучала традыцыйнае: «гіб-гіб-ура», і вялікая і шчаслівая скаўцкая сям’я паспяшалася вярнуцца ў свае родныя куточкі, каб завезці сваім блізкім часцінку цеплыні, дабрыні і братэрства, якой яна запаліліся на сёлетнім свяце.

Вольга Гарашэвіч, Тамара Сарачынская

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме