У Барысаве прайшла экуменічная малітоўная сустрэча |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
20.01.2012 11:37 |
Ужо больш за 10 гадоў у Барысаве праводзяцца экуменічныя малітоўныя служэнні з удзелам святароў і пастараў хрысціянскіх супольнасцяў. Не стаў выключэннем і гэты год. У малітоўнай сустрэчы 19 студзеня прынялі ўдзел прадстаўнікі супольнасцяў: Адвентыстаў Сёмага Дня (пастар Васіль Ложачнік), Біблейскай (ЕХБ, пастар Сяргей Жукоўскі), «Божых Дароў» (пяцідзесятнікаў, пастар Уладзімір Міхадзюк), парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (каталіцкая, а. Міхал Цвячкоўскі МІС), «Святло свету» (поўнаевангельская, пастар Яўген Пугач), парафія Спаслання Духа Святога (каталіцкая, кс. Аляксандр Тарасевіч). Як можна здагадацца, за такім тэмпаральным адрэзкам і разнастайнасцю хрысціянскіх канфесій хаваецца нешта большае, чым проста статыстыка. І сапраўды — пачыналася ўсё з малітоўных сустрэч выключна пастыраў. Яшчэ перад тым, як з’явілася ідэя праводзіць малітоўныя сустрэчы з удзелам вернікаў, узнікла ініцыятыва стварыць «тэлефон даверу» (псіхалагічная кансультацыя ў хрысціянскім экуменічным духу). Калі ж пачаліся сустрэчы з вернікамі, спачатку, у рамках экуменічнага тыдня, праводзілася толькі адна сустрэча. І толькі з цягам часу гэтыя мерапрыемствы сталі адпавядаць агульнапрынятаму ў свеце парадку правядзення такіх служэнняў: набажэнствы на працягу экуменічнага тыдня праводзяцца па чарзе ва ўсіх супольнасцях Цэркваў-удзельніц; напачатку кожны прысутны пастыр кажа прывітальнае слова; казанне прамаўляе пастыр з іншай, чым прымаючая супольнасць, канфесіі; напрыканцы, па чарзе, кожны прысутны пастыр уголас моліцца. |
Фотарэпартаж |