Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: без веры экуменічны рух стаў бы проста кантрактам
Святы Айцец
26.01.2013 09:39

25 студзеня папа Бэнэдыкт XVI узначаліў нешпары ў базыліцы святога Паўла за мурамі на заканчэнне Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў. У малітве прынялі ўдзел прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, пратэстанцкіх Цэркваў, Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Святы Айцец адзначыў падчас набажэнства, што аснова экуменізму — адзінства ў веры. Усіх хрысціянаў, па словах Пантыфіка, ужо яднае вызнанне веры «ў Бога, Айца і Стварыцеля, які аб’явіўся ў Сыне Езусе Хрысце, і ў Духа Святога, які ажыўляе і асвячае». Без веры, дадаў Папа, экуменічны рух стаў бы проста нейкім «кантрактам», да якога трэба было б прыступіць у імя супольных інтарэсаў.

Пантыфік адзначыў, што дыялог «дазваляе адкрыцца на дзейнасць Бога, з моцным перакананнем, што самі мы не можам будаваць адзінства, але Дух Святы вядзе нас да поўнай еднасці і дазваляе зразумець духоўнае багацце, прысутнае ў розных Цэрквах і супольнасцях».

Папа падкрэсліў, што сёння, калі хрысціянства нярэдка ўсё менш можа ўплываць на асабістае і грамадскае жыццё, патрэбна яшчэ больш выразнае і супольнае сведчанне хрысціян пра сваю веру. Трэба, дадаў Святы Айцец, імкнуцца да канкрэтнага супрацоўніцтва паміж вучнямі Хрыста, каб несці веру сучаснаму свету. А сапраўдная вера ў Бога, звярнуў увагу Пантыфік, непарыўна звязана з асабістай святасцю веруючага і пошукам справядлівасці. Папа нагадаў таксама пра важнасць пераадолення ўсялякай нянавісці, расізму, дыскрымінацыі.

Асабліва неабходнай у справе экуменізму Святы Айцец назваў малітву. Аднак, звярнуў увагу Папа, экуменізм не прынясе плёнаў, калі ў ім не будзе канкрэтных дзеянняў навяртання.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме