Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: маліцца разам, каб хрысціяне маглі дасягнуць адзінства
Слова Папы
20.01.2013 16:30

Да пераадолення канфліктаў і імкнення да поўнага і бачнага адзінства заклікаў хрысціян Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 20 студзеня. Па словах Папы, толькі такім чынам паслядоўнікі Хрыста змогуць даць адпаведны адказ на ўсе віды дыскрымінацыі і несправядлівасці.

Пантыфік нагадаў, што ў Касцёле пачаўся Тыдзень малітвы за адзінства хрысціянаў, час, калі паслядоўнікі Хрыста асаблівым чынам пакліканы прасіць Бога паказаць шляхі да еднасці і самі імкнуцца зразумець, на чым палягае гэтая еднасць. Папа выказаў смутак з прычыны таго, што яшчэ існуе шмат рознагалоссяў сярод хрысціян, якія перашкаджаюць ім аб’яднацца і разам сведчыць пра Збаўцу.

Разважаючы над фрагментам Евангелля, якое апавядае пра вяселле ў Кане Галілейскай, Папа адзначыў, што тут адбыўся першы цуд Езуса, праз які Ён публічна засведчыў сваю хвалу, нараджаючы веру ў сваіх вучнях. Пасля напаўнення вадой шасці вялікіх збаноў Езус ператварыў ваду ў віно, якое было лепшае, чым папярэдняе. Праз гэта Езус, па словах Пантыфіка, аб’яўляе сябе ў якасці месіянскага Жаніха, які прыйшоў, каб заключыць са сваім народам новы і вечны Запавет. Віно «з’яўляецца сімвалам радасці любові, але яно сімвалізуе таксама кроў, якую Езус пралье ў канцы, каб прыпячатаць дамову любові з чалавецтвам».

«Касцёл — гэта нявеста Хрыста, які сваёй ласкай робіць яго святым і прыгожым, — працягваў Папа, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. — Тым не менш, гэтая нявеста, што складаецца з чалавечых істот, пастаянна мае патрэбу ў ачышчэнні. Адным з самых сур’ёзных грахоў, якія нявечаць твар Касцёла, з’яўляецца грэх супраць яго бачнага адзінства, асабліва гістарычныя падзелы, што раздзялілі хрысціян і яшчэ не цалкам пераадолены». Кажучы пра Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які праходзіць з 18 па 25 студзеня, Пантыфік заўважыў, што гэтая падзея «заўсёды ахвотна перажываецца вернікамі і супольнасцямі, выклікаючы ва ўсіх жаданне духоўнага ўдзелу ў справе поўнага адзінства». Вельмі важным у гэтым кантэксце Святы Айцец назваў малітоўнае чуванне, якое ў канцы снежня — пачатку студзеня перажываў разам з тысячамі маладых людзей з усёй Еўропы і экуменічнай супольнасцю з Тэзэ.

Папа заклікаў вернікаў «маліцца разам, каб мы змаглі дасягнуць тое, „чаго Бог чакае ад нас” (пар. Міх 6, 6-8), як гаворыць тэма сёлетняга Тыдня». Пантыфік дадаў, што ў бліжэйшую пятніцу, на заканчэнне гэтых дзён малітвы, узначаліць нешпары ў базыліцы св. Паўла за Мурамі ў прысутнасці прадстаўнікоў іншых Цэркваў і касцёльных супольнасцяў.

«Дарагія сябры, да малітвы за адзінства хрысціян хацеў бы далучыць у чарговы раз малітву за мір, каб у розных канфліктах, якія, на жаль, маюць зараз месца, спыніліся забойствы безабаронных грамадзян, спынілася рознага тыпу насілле і была знойдзена мужнасць уступіць у дыялог і перамовы, — сказаў Святы Айцец. — У абедзвюх гэтых інтэнцыях будзем прасіць заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, пасрэдніцы ласк».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме