Гісторыя святыні і абраза Маці Божай Будслаўскай | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.10.2012 14:35 |
У 1591 г. у Слаўнай Будзе быў узведзены і кансэкраваны драўляны касцёл. Верагодней за ўсё, у гэты час тут з’явіўся абраз Маці Божай, які пазней быў названы абразом Маці Божай Будслаўскай. У 1598 г. яго атрымаў мінскі ваявода Ян Пац з рук папы Клімэнта VIII. Пасля смерці Яна Паца капелан Ісаак Салакай у 1613 г. перадаў абраз у кляштар айцоў бэрнардынаў. Вельмі хутка выява Маці Божай Будслаўскай стала адной з самых папулярных на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Змешчаны ў драўляным касцёле, гэты абраз з самага пачатку быў шанаваны простымі людзьмі і ў хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі і ласкамі. У 1635 г. ён быў перанесены ў галоўны алтар. Першы цуд апісаны ў 1617 г., калі сляпы пяцігадовы хлопчык Ёзафат Тышкевіч (пазней вядомы айцец кармэліт) атрымаў зрок. Вуглавы камень першага каменнага касцёла быў закладзены 28 верасня 1633 года. Святыня была кансэкравана 9 ліпеня 1643 года. Новы мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пры кляштары бэрнардынаў у Будславе пабудавалі ў 1767–1783 гадах. Трохнававая святыня з дзвюма вежамі была створана ў стылі позняга барока, увесь яе інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі. Галоўны фасад дасягаў 50 метраў. У касцёле мелася 12 алтароў. Ён быў кансэкраваны 7 верасня 1783 года. У 1939 г. касцёл зачынілі, але яго ніколі не выкарыстоўвалі ў іншых мэтах, як гэта практыкавалася пры атэістычнай уладзе. Пасля вайны сюды час ад часу прыязджалі святары. У 1966–1974 гг. у святыні не было ніводнага ксяндза. Яе адраджэнне распачалося 2 ліпеня 1992 г., калі ў Будслаў прыбыла першая публічная пілігрымка. У 1994 годзе папа Ян Павел ІІ булаю надаў святыні тытул Базылікі Меншай, а ў 1998 г. кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. Пасля акта каранацыі ён абвясціў будслаўскую святыню Нацыянальным санктуарыем Беларусі. Тады ж апеку над святыняю прынялі айцы бэрнардыны, вярнуўшыся сюды пасля працяглага перапынку. Сёння будслаўскі касцёл аб'яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. 1 ліпеня 2000 г. у Будславе адбыўся марыялагічны кангрэс. Кожны год на святкаванне ўрачыстасцяў у Будславе, якое з 2012 г. пераносіцца на першую пятніцу і суботу ліпеня замест традыцыйнага 2 ліпеня, прыбываюць дзясяткі тысяч вернікаў з усёй Беларусі і з замежжа (Расіі, краінаў Прыбалтыкі, Украіны, Польшчы і інш.). Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай Крыніца: |