Парафію ў Багданаве наведаў аўстрыйскі біскуп Людвіг Шварц SDB | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.01.2013 17:39

У межах візіту ў Беларусь біскуп дыяцэзіі Лінц Людвіг Шварц SDB (Аўстрыя) наведаў парафію Св. Міхала Арханёла ў Багданаве, што на Валожыншчыне. 31 студзеня — дзень успаміну св. Яна Боска, апекуна дзяцей і моладзі і заснавальніка таварыства айцоў салезіянаў, да якога адносіцца і іерарх. Менавіта таму гэты дзень біскуп Шварц вырашыў прысвяціць наведванню Багданава, дзе пры парафіі ёсць прыёмная сям’я.

Біскуп Шварц SDB сустрэўся з дзевяццю дзецьмі-сіротамі, даведаўся пра лёс, які прывёў іх у гэтую сям’ю. Іерарх выказаў радасць, што дзеці знайшлі прытулак у гэтым доме і сваіх апекуноў — мясцовага душпастыра, якім сёння з’яўляецца кс. Ігар Лашук SDB, і сясцёр Алену і Тэрэзу з Інстытута кансэкраванага жыцця.

Дзеці ўручылі біскупу падарунак і паабяцалі, што ад гэтага дня будуць маліцца за яго ў капліцы, пад якую адведзены адзін з пакояў іх дома. Іерарх з радасцю прыняў плюшавага слана і адзначыў, што гэтая цацка будзе для яго напамінам аб іх. Дзеці атрымалі пачастункі, а фота ўвекавечыла памяць пра яшчэ адзін радасны дзень і цёплую сустрэчу ў іх жыцці.

Біскуп Людвіг Шварц SDB наведаў таксама адну з мясцовых малазабяспечаных сем’яў. Такім чынам іерарх жадаў выказаць сваю блізкасць да звычайных і патрабуючых людзей, для служэння якім ён пастаўлены Богам.

Валянціна Грамыка

 
© 2003-2024 Catholic.by