Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даць дзецям шанс. Гісторыя прыёмнай сям’і з Багданава |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
08.01.2013 15:18 |
У нашым жыцці ёсць шмат рэчаў, якія мы не хочам бачыць. Бо калі будзем ведаць пра іх, хутчэй за ўсё сумленне не дазволіць быць абыякавымі, а гэтага, часам, вельмі не хочацца. Хочацца жыць у «хаце з краю», каб не парушыць уласны спакой і паменш напружвацца. Але, дзякуй Богу, ёсць людзі, якія не могуць прайсці не заўважыўшы галоднага, скалечанага дзіцяці, састарэлай бабулі, якой няма каму і вады падаць, не заўважыўшы Хрыста, які ёсць ва ўсіх гэтых людзях. Калядка на пачатак Сёння мне хочацца расказаць вам пра адну сям’ю, незвычайную — прыёмную. Расказаць, каб нагадаць, што вакол нас, магчыма, зусім побач, ёсць тыя, хто без нашай дапамогі проста загіне. Гэтая сям’я, маці і дзевяцёра прыёмных дзяцей, сустрэлі калектыў нашай рэдакцыі і іншых гасцей вясёлай святочнай калядкай. І чым званчэй і радасней дзеці яе спявалі, тым вышэй падыходзіў камяк у горле: ці то ад радасці за іх, ці то ад неразумення — як з такімі цудоўнымі дзяцьмі маглі так жорстка абысціся бацькі?! Але ўсё па парадку. У іх ёсць шанс Па дарозе ў вёску Багданава, дзе і жыве тая сям’я, перад вачыма часта ўзгадваліся моманты з надакучлівай расійскай перадачы «Пусть говорят». Менавіта адтуль я ўпершыню даведалася, што і ў наш час ёсць дзеці-маўглі, якія растуць у лесе, ёсць немаўляты, якіх бацькі кідаюць у падвалы хат на смерць ад голаду, і ёсць бацькі, якія пояць дзяцей гарэлкай, каб тыя добра спалі. Ёсць шмат жудасных рэчаў у адносінах да самых нявінных — дзяцей. Але хацелася верыць, што такое, можа, і існуе, але недзе далёка, што ў нас такога проста не можа быць. І вось я бачу перад сабой Алесю, ужо дарослую дзяўчыну, якая скончыла каледж, хоць і па спецпраграме, і якая некалькі гадоў пражыла ў лесе. З таго моманту, як памятае сябе і да сямі гадоў, яе домам стала пабудова з картонавых каробак. Яна збегла ў лес, бо там было лепш, чым з бацькамі, якія пастаянна пілі, білі яе, а іх сябры не раз хацелі згвалціць дзяўчынку. Калі Алена Дварэцкая ўбачыла на вёсцы гэтае дзяўчо, мурзатае, замерзлае, з поўнымі вошаў валасамі, яна не магла прайсці міма. Так Алена, якая належыць да Інстытута кансэкраванага жыцця св. Тэрэзы, стала ёй маці, прыёмнай. Сама Алена да гэтага прыехала ў Багданава па просьбе святара, каб даглядаць дзвюх састарэлых бабуль. Гэта быў складаны час і складаныя ўмовы. У пахіленай хаце не было ні крэслаў, ні ложкаў, ні фіранак на вокнах. І ўвогуле раней Алена ніколі не жыла на вёсцы, таму нават нанесці вады і запаліць печ было спачатку таксама складана, хоць ніякай працы яна не баялася. Праўда, праз некаторы час на дапамогу Алене прыехала і Тэрэза Чарняўская. Пасля таго, як адна з бабуль памерла, Алену адолела сумненне: ці варта ёй заставацца тут дзеля адной бабулі? І Алена пастаянна малілася, каб Бог падказаў, што рабіць далей. Таму, убачыўшы тую кінутую дзяўчынку на вуліцы, яна нават не сумнявалася, што з ёй рабіць: ці дапамагаць, ці не. Цяпер у гэтай сям’і дзевяцёра дзяцей. Трох з іх падабралі, у прамым сэнсе, на вуліцы. Усе іх лёсы падобныя толькі тым, што з самага ранняга дзяцінства перад імі ўзнікла пытанне выжывання. Дзецям, якія ў дашкольным узросце акрамя заняткаў у сваё задавальненне і для ўласнага развіцця больш нічым не займаюцца, прыйшлося вырашаць праблемы, падсільныя не ўсім дарослым: дзе жыць, што апрануць, чым накарміць малодшых сясцёр ці братоў? А бацькоў-алкаголікаў не турбавала, ці іх дзіця вымушана жыць у сабачай будцы, ці траву есці з голаду, ці паміраць ад запалення лёгкіх. Адны бацькі ўвогуле кінулі сваё паўтарагадовае дзіця ў склеп, дзе былі толькі пацукі. Бацькі... Дзявятае дзіця з’явілася амаль на Каляды. Можна было б падумаць, што як падарунак, але для дзяўчынкі, гэта быў чарговы шок, а тыя дні цяпер стануць самымі жудаснымі ў яе жыцці. Чатырохгадовую дзяўчынку Алесю кінула спачатку маці, а пасля і цёця, якая заставіла яе на раённым ранішніку. На ім была і Алена Дварэцкая з дзецьмі. Дзяўчынка стаяла пад ёлкай і плакала, яна разумела, што зноў засталася зусім адна. І тады Алена падумала, што нельга пакідаць дзіця ў слязах, тым больш на святы. Таму вырашыла ўзяць Алесю хоць бы на Новы год. Але, калі тая спыталася аднойчы: «ты таксама мяне кінеш?», то зразумела, што не мае права падвесці дзіця. «Мама, хадзі сюды!» Ледзь не першае слова, якое я пачула ў гэтым доме, стала слова «маці». Усе дзеці называюць так Алену. Бо ім, як яна сама кажа, патрэбна гэтае слова. Хоць у большасці з іх, на жаль, яно і слова «бацькі» асацыюецца са страхам, з перажываннямі, голадам, з тым, да чаго не хочацця вяртацца. Мо і лепш, што фізічныя бацькі гэтых дзяцей зусім імі не цікавяцца: ёсць надзея, што дзеці ўсё ж забудуць свае псіхалагічныя траўмы. Тут жа, у сям’і, для дзяцей гэтае самае запаветнае слова «маці» зноў набывае станоўчы сэнс, напаўняецца дабрынёй, усмешкай і ранішнім пацалункам. Любіць, любіць і яшчэ раз любіць З разважанняў Алены, прыёмнай маці: «Толькі любоў можа дапамагчы дзецям, даць ім новы шанс у жыцці. Каб кампенсаваць ім недахоп любові ў раннім дзяцінстве, цяпер неабходна палюбіць іх удвая. Палюбіць такімі, якія яны ёсць, якімі да нас прыходзяць. Ім неабходна падказваць, у чымсьці папраўляць, вучыць, але толькі любоў можа змяніць іх жыццё. Любоў выпрастоўвае ўсе скрыўленні, якія яны атрымалі ад бацькоў. І неабходнасць любові бачна нават у тым, што крыўдзяцца, калі раніцай кагосьці пацалую, а кагосьці — не. Любові ім не бывае зашмат, не бывае ад яе насычэння. І нават тыя дарослыя, хто ўжо з’ехаў адсюль і хто стварыў свае сем’і, усё ж пастаянна вяртаюцца ў гэты — свой! — дом, бо ведаюць, што тут іх любяць, тут іх абдымуць і пацалуюць. Гэтай простай бацькоўскай любові ім будзе не хапаць усё жыццё, але мы стараемся даць яе ім. Гэта складана, і павінен прайсці час (тут года недастаткова), пакуль дзіця табе паверыць і будзе ўпэўнена, што яго сапраўды любяць і больш не пакінуць. У гэтым усім мне дапамагае вера, якая дадае сэнсу майму служэнню, дапамагае прыняць дзяцей такімі, якія яны ёсць. І яны змяняюцца, змяняюцца кардынальна. Бо сюды прыходзяць злымі, агрэсіўнымі, замкнёнымі, узлаванымі на ўвесь свет. Каб дапамагчы ім, неабходна ўвайсці ў давер, яны павінны мне верыць. Яны — мае „надзіральнікі“, бо заўсёды глядзяць, як і што я раблю, што кажу: ці то за сталом, ці то ў касцёле. Усё трэба рабіць па-добраму, бо яны вельмі баяцца павышэння голасу і ад гэтага могуць яшчэ больш закрыцца». Школа дабрыні На лядоўні ў іх доме вісіць паперка, дзе пазначаны абавязкі кожнага па дому. Вывесіць іх захацелі самі дзеці: і так праяўляецца іх адказнасць. Дзяцей вучаць думаць не толькі пра сябе, але і памятаць пра іншых. Калі з’явілася ў доме апошняя дзяўчынка, чатырохгадовая Алеся, ёй не было нават месца дзе спаць, але дзеці вельмі прасілі пакінуць яе, бо памяталі, што значыць жыць на вуліцы. А яшчэ падчас сёлетняга Адвэнту дзеці самі збіралі падарункі для дзяцей з бедных сем’яў. Імёны чацвярых дзяцей вісяць не дошцы гонару ў школе, двое наведваюць музычную школу, а адно дзіця — мастацкую. Сёстры робяць усё магчымае, каб развіваць іх, каб дапамагчы забыць былое і навучыць смела глядзець у будучыню. Хоць ведаюць, што часам гэта немагчыма. Як адзначае Алена, «галоўнае і вельмі складанае — навучыць іх жыць: распараджацца грашыма, умець абслугоўваць сябе, навучыць адказнасці і прыстойнасці». Каб за дзвярыма гэтага дома ведалі, як сябе паводзіць, каб кіраваліся па жыцці маральнымі каштоўнасцямі. P.S. Пасля такога знаёмства ў мяне не з’явілася пачуцця спачування. Хутчэй радавалася за дзяцей, якія знайшлі сапраўдны дом, і за тое, што ёсць яшчэ людзі адкрытыя і добрыя, здольныя прыняць чужых дзяцей і ўбачыць у іх патрабуючага Хрыста. Святлана Жылевіч Фота Віталія Палінеўскага Гл. таксама Вернікі мінскіх парафій сабралі падарункі для дзяцей-сірот ў Багданава (фота і відэа) |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.