Мітрапаліт Кандрусевіч у Вялікую пятніцу: ушаноўваючы крыж, мы павінны сказаць слова «дзякуй» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.03.2013 22:55

У Вялікую пятніцу ва ўсім каталіцкім свеце цэлебруецца літургія Мукі Пана. Цэнтральнай яе часткай з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч перад гэтым актам заклікаў сабраных у мінскай архікатэдры, «ушаноўваючы крыж і становячыся перад ім на калені… сказаць толькі адно слова: „Дзякую“».

«Да гэтага „дзякуй“ нам неабходна дадаць перапрашэнне за нашую нявернасць Богу і пастанаўленне пазбягаць грахоў. Калі Езус заплаціў за нашыя даўгі Богу, то мы павінны сцерагчыся, каб ізноў не трапіць у даўгі», — дадаў іерарх, прамаўляючы гамілію.

«Мы прывыклі да таго, што Вялікая пятніца — гэта ўспамін цярпенняў і смерці Езуса Хрыста. І гэта праўда. Але ёсць яшчэ адна праўда: пра здраду і адрачэнне Ягоных вучняў. Гэта найперш Юда, які выдаў Езуса на смерць. Потым Пётр, які адмовіўся ад Яго. Уявім сабе: як адчуваў сябе Езус, калі паглядзеў на Пятра, які адрокся ад Яго? Якія цярпенні Ён павінен быў перажыць з-за адрачэння вучня, якому было паабяцана першынство ў Касцёле?» — над такімі пытаннямі Мітрапаліт заклікаў паразважаць вернікаў.

«Езус і сёння церпіць за нашыя грахі і нявернасць Яму і Ягонаму Евангеллю, — дадаў іерарх. — Вакол столькі знакаў бязвер’я, і мы, хрысціяне, вельмі часта ў імя паліткарэктнасці ў справах рэлігіі гэтага як быццам не заўважаем. За славутых 30 сярэбранікаў мы прадаём нашу веру ў Езуса і адракаемся ад Яго, калі не захоўваем Божага права або выбіраем не Божае, а зямное, якое супярэчыць Божаму, і г.д. Усё гэта з’яўляецца найлепшым паказальнікам неаўтэнтычнасці і слабасці нашай веры».

Арцыпастыр нагадаў таксама, як важна прабачаць. Чалавек, якому Бог прабачае многае, не можа трымаць крыўду на іншых, бо гэтаму «Езус вучыць нас і ў малітве „Ойча наш…“».

Як падкрэсліў Мітрапаліт, вялікую ўвагу на значэнне Божай міласэрнасці ў жыцці чалавека і свету звярнуў папа Францішак адразу пасля свайго абрання на Святы Пасад: «Як адзначыў новаабраны Папа, Бог ніколі не стамляецца чыніць міласэрнасць, толькі чалавек стамляецца прасіць аб ёй».

Поўны тэкст гаміліі >>>

На заканчэнне літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт па традыцыі быў перанесены ў сімвалічную грабніцу. На працягу Вялікай суботы супольнасць прабывае каля гробу Пана, разважаючы пра Ягоную муку і смерць, у малітве і посце чакаючы Яго ўваскрасення.

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by