Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Кандрусевіча ў Вялікую пятніцу


Мінская архікатэдра, 29 сакавіка 2013 г.

Вітай, крыж, — знак Божай міласэрнасці і адзіная надзея

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Адна гісторыя распавядае, як аднойчы святы Пётр выглянуў з акна неба і ўбачыў Юду, які набліжаўся і ў руках нёс драўляную каробку. Пётр спытаў яго: «Куды ты ідзеш?» «Іду ўбачыць цябе», — адказаў Юда. На гэта Пётр адазваўся: «Ты здраднік, бо выдаў Езуса на смерць. Што ты нясеш у сваіх руках?» «Падыдзі і паглядзі», — адказаў Юда. Пётр падышоў бліжэй, і Юда адкрыў каробку, дзе знаходзіўся певень. Пётр спытаўся: «Што гэта?» Юда адказаў: «Ты што, не памятаеш?» І ў гэты момант певень заспяваў. Пётр сціх, а Юда спытаўся: «Цяпер памятаеш? Ты таксама не лепшы за мяне. Я выдаў Настаўніка, а ты адмовіўся ад Яго».

Мы прывыклі да таго, што Вялікая пятніца — гэта ўспамін цярпенняў і смерці Езуса Хрыста. І гэта праўда. Але ёсць яшчэ адна праўда: пра здраду і адрачэнне Ягоных вучняў. Гэта найперш Юда, які выдаў Езуса на смерць. Потым Пётр, які адмовіўся ад Яго. Уявім сабе: як адчуваў сябе Езус, калі паглядзеў на Пятра, які адрокся ад Яго? Якія цярпенні Ён павінен быў перажыць з-за адрачэння вучня, якому было паабяцана першынство ў Касцёле?

2. Езус і сёння церпіць за нашыя грахі і нявернасць Яму і Ягонаму Евангеллю. Вакол столькі знакаў бязвер’я, і мы, хрысціяне, вельмі часта ў імя паліткарэктнасці ў справах рэлігіі гэтага як быццам не заўважаем. За славутых 30 сярэбранікаў мы прадаём нашу веру ў Езуса і адракаемся ад Яго, калі не захоўваем Божага права або выбіраем не Божае, а зямное, якое супярэчыць Божаму, і г.д. Усё гэта з’яўляецца найлепшым паказальнікам неаўтэнтычнасці і слабасці нашай веры.

У той жа час Касцёл заклікае нас сёння засяродзіцца над коштам нашага збаўлення, якім стала кроў Езуса Хрыста.

3. У чытаннях пра муку Пана мы пачулі апошняе слова Езуса: «Збылося». На грэчаскай мове гэтае слова гучыць як «tetelestai», што азначае «збылося» або «споўнілася».

Некаторы час таму археолагі адкапалі ў Святой Зямлі офіс зборшчыка падаткаў. У ім былі два стосы квіткоў. На адным з іх было напісана: «tetelestai». Іншымі словамі: «усё заплачана». Таму і слова Езуса «збылося» азначае, што Ён сваёю смерцю да канца заплаціў за нашы грахі.

Грэх для габрэяў у часы Езуса быў даўгом перад Богам, які павінен быў быць сплачаны. Хрыстус выкарыстоўвае камерцыйную мову, каб людзі лепей зразумелі сэнс адкуплення з няволі граху. Узгадаем Яго парабалу пра слугу, якому гаспадар дараваў вялікі доўг, а слуга, у сваю чаргу, не захацеў дараваць свайму даўжніку малы доўг. У гэтым заключаецца педагогіка Езуса, які навучае, што, калі Бог нам дараваў, то і мы павінны дараваць іншым. Аб гэтым Езус вучыць нас і ў малітве «Ойча наш...».

4. Як мы адкажам на гэты запавет Езуса? Мы павінны памятаць, што Езус не паабяцаў нам адпусціць грахі, але адпусціў іх, Ён да канца сплаціў наш доўг перад Богам. Мы павінны памятаць пра Яго міласэрнасць да кожнага з нас, нягледзячы на тое, наколькі вялікімі былі нашы грахі. Мы павінны памятаць і кідацца ў абдымкі Божай міласэрнасці.

Таму сёння, ушаноўваючы крыж і становячыся перад ім на калені, мы павінны сказаць толькі адно слова: «Дзякую». Да гэтага «дзякуй» нам неабходна дадаць перапрашэнне за нашую нявернасць Богу і пастанаўленне пазбягаць грахоў. Калі Езус заплаціў за нашыя даўгі Богу, то мы павінны сцерагчыся, каб ізноў не трапіць у даўгі.

5. Калі апостал Тамаш дасведчыў, што Езус сапраўды ўваскрос, то ўсклікнуў: «Пан мой і Бог мой». Калі апостал Пётр зразумеў, што адрокся ад Езуса — сапраўднага Бога, то заплакаў. Інакш учыніў Юда: замест таго, каб кінуцца ў абдымкі Божай міласэрнасці, ён павесіўся. У гэтым сутнасная розніца паміж Пятром і Юдам. Больш за тое, Пётр не спыніўся на гэтым: пазней ён тройчы пацвердзіў сваю любоў да Езуса.

Святы Айцец Францішак адразу пасля свайго абрання Біскупам Рыма вялікую ўвагу звярнуў на значэнне Божай міласэрнасці ў жыцці чалавека і свету. Як адзначыў новаабраны Папа, Бог ніколі не стамляецца чыніць міласэрнасць, толькі чалавек стамляецца прасіць аб ёй.

Сёння Касцёл заклікае нас ушаноўваць крыж, на якім Езус нас збавіў і які з’яўляецца знакам бязмежнай Божай міласэрнасці. Касцёл заклікае ўшаноўваць крыж і давяраць Божай міласэрнасці. На экранах тэлевізараў мы часта бачым, як спартоўцы цалуюць медалі ці кубкі перамогі, таксама і мы павінны цалаваць крыж Хрыста — знак Яго перамогі над злом і грахом.

Звычайна людзі аддаюць пашану нацыянальнаму сцягу. Крыж Хрыста — гэта сцяг хрысціяніна, на якім адбылася самая вялікая перамога — перамога над злом і грахом. Таму з павагай і духоўным засяроджаннем станем сёння перад крыжом Хрыста і абдымем яго са словамі апостала Андрэя: «Вітай, крыж, адзіная мая надзея!» — і будзем яго несці ў сваім жыцці як знак Божай міласэрнасці, знак надзеі і знак нашай веры. Амэн.

Адноўлена 29.03.2013 23:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі