Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.04.2013 16:08

14 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Падчас літургіі група вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

«Гэты сакрамэнт хрысціянскай сталасці пакліканы перадусім умацаваць нашу веру, — падкрэсліў Мітрапаліт у гаміліі. — Прымаючыя яго ўступаюць у новае дарослае і сталае жыццё ў Касцёле і грамадстве з усімі выплываючымі з гэтага абавязкамі і правамі».

«Сапраўдны компас у нашым жыцці — гэта наша хрысціянская вера, — адзначыў іерарх. — На жаль, сучасны чалавек вельмі часта веру ўспрымае як перашкоду жыць так, як яму хочацца. Мы, як веруючыя хрысціяне, не можам ісці дзвюма дарогамі — боскай і бязбожнай. (…) На жаль, вельмі часта праўдай мы лічым тое, што самі свабодна выбіраем і што нам падабаецца, не зважаючы на Божы закон».

«Каб жыць паводле Божага закону, неабходна мець адпаведныя духоўныя сілы, — дадаў Мітрапаліт. — Бог не пакінуў нас адных. У сакрамэнце канфірмацыі мы атрымліваем Святога Духа і Яго дары, каб распазнаваць і выбіраць адпаведны і згодны з Божай воляй жыццёвы шлях».

«Касцёл не адкідае грэшніка і не карае яго, але стараецца вярнуць на шлях Божай праўды, — патлумачыў арцыпастыр. — Але для гэтага неабходна кінуцца ў абдымкі Божай міласэрнасці. (...) Мы заўсёды павінны памятаць, што компасам нашага жыцця павінен быць Хрыстус, які ніколі не падвядзе».

«Сёння Святы Дух умацоўвае сваімі дарамі тых, хто прымае сакрамэнт канфірмацыі, каб у мітусні сучаснага свету, яго выпрабаваннях і спакусах не страцілі сваёй веры, яе вызнавалі і баранілі. А для гэтага неабходна як мага часцей карыстацца духоўным компасам, якім ёсць Хрыстус і Яго Евангелле. Ён не падмане і накіруе на праўдзівы жыццёвы шлях», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Мітрапаліт заахвоціў вернікаў, якія прымалі ў гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, «дазволіць Духу Святому дзейнічаць у сэрцах, каб Ён іх перамяняў і чыніў вас мужнымі вызнаўцамі і веснікамі хрысціянскай веры».

Поўны тэкст гаміліі Мітрапаліта>>>

(AG)

 


 

 
© 2003-2024 Catholic.by