«Жыццё даверана чалавеку як неацэнны скарб, якога нельга змарнаваць»: Імша ў інтэнцыі абароны жыцця, сям’і і дзяцей адбылася ў Мінску | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.09.2013 13:09

Cвятая Імша ў інтэнцыі абароны жыцця, сям’і і дзяцей адбылася 21 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 2013 г. шэраг сацыяльных паказанняў для перарывання цяжарнасці на познім тэрміне скарочаны ў Беларусі з дзесяці да дзвюх пазіцый: цяпер зрабіць аборт пры наяўнасці сацыяльных паказанняў маюць магчымасць жанчыны, якія сталі цяжарнымі ў выніку згвалтавання, і жанчыны, якія рашэннем суду пазбаўлены бацькоўскіх правоў. У той жа час застаюцца ў сіле тры групы падставаў для перарывання цяжарнасці: па жаданні жанчыны без абгрунтавання прычыны ў тэрмін да дванаццаці тыдняў цяжарнасці; па жаданні жанчыны пры наяўнасці сацыяльных паказанняў да дваццаці двух тыдняў цяжарнасці; і па медыцынскіх паказаннях у любы тэрмін цяжарнасці. Беларусь займае другое месца ў свеце па ўзроўні разводаў, трэцяе месца па колькасці абортаў, чацвёртае месца па колькасці суіцыдаў.

21 верасня ў Мінску планавалася правядзенне першага Агульнанацыянальнага маршу пад дэвізам «За жыццё, за сям’ю, за дзяцей». Падобныя акцыі сталі традыцыйнымі ў многіх краінах. Мэтай запланаванага маршу было прыцягнуць увагу да праблемы абароны жыцця ненароджаных дзяцей і абароны традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Благаслаўленне на яго правядзенне далі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Аднак Агульнанацыянальнага маршу не адбылося.

«Абарона жыцця, як самага каштоўнага Божага дару – гэта найперш і перадусім выконванне Божай волі, — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падчас Імшы. — Жыццё з’яўляецца цудоўным дарам Бога, які ў чалавека, злепленага з гліны, удыхнуў жыццё. Калі жыццё даецца нам ад Бога і калі мы нараджаемся дзякуючы Яго бескарыснай любові, то ці не з’яўляецца гэта дастатковай прычынай, каб глядзець на яго як на самае святое, на якое мае права толькі Бог?»

«Месцам спаткання са святасцю жыцця Бог учыніў сям’ю. Бог, які ёсць любоў, аб’явіў дар жыцця праз каханне мужчыны і жанчыны, каб сувязь паміж імі стала сапраўдным санктуарыем любові і жыцця», — дадаў арцыпастыр.

«Жыццё было даверана чалавеку як неацэнны скарб, якога яму нельга змарнаваць, — нагадаў іерарх. — Праўда аб непарушальнасці жыцця ўпісана ў сэрца чалавека і ў яго сумленне, і чалавек павінен даць справаздачу перад Богам, як ён распараджаўся неацэнным скарбам жыцця».

«Касцёл заўсёды абвяшчае Евангелле жыцця і выступае ў яго абарону, — адзначыў Мітрапаліт. — На жаль, яго заклік вельмі часта застаецца без адказу. У той жа час права забіваць безабароннае дзіця ва ўлонні маці, якое на самой справе з’яўляецца вычварэнствам і злачынствам супраць жыцця, сучасным заканадаўствам часта прадстаўляецца як адзнака прагрэсу. Таму жыццё, як святы Божы дар, неабходна бараніць на кожным яго этапе. Кожны, хто хацеў бы быць незалежным ад гэтага фундаментальнага права, становіцца прамоўтарам смерці. Чалавек ім становіцца, калі страчвае Бога, бо там, дзе Бог знікае, знікае і годнасць чалавечага жыцця, а на яго месца прыходзіць нянавісць да жыцця».

«Чалавек, які забівае чужое жыццё, забівае таксама і сябе самога, сваё сумленне. Чым адрозніваецца чалавек, які падымае руку супраць безабароннага дзіцяці, ад таго, які забівае з аўтамата ці ўжываючы хімічную зброю, бомбы і ракеты? Народ, які забівае ненароджаных, нішчыць самога сябе», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

Па словах Мітрапаліта, «ідэалогія сучаснасці імкнецца знішчыць традыцыйны інстытут сям’і, якім з’яўляецца ўстаноўлены Богам адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай узаемнай дапамогі, нараджэння і выхавання патомства», аднак «праблема сям’і і захавання жыцця заўсёды будзе ў сэрцы Касцёла, бо сям’я з’яўляецца не толькі галоўнай клеткай кожнага грамадства, але таксама, паводле Божай волі, крыніцай жыцця».

Поўны тэкст гаміліі>>>

«Для нас, хрысціян, жыццё, пытанне захавання жыцця і яго абарона з’яўляецца пытаннем фундаментальным, — заўважыў арцыпастыр. — З яго вынікае, што зачатае дзіця валодае правам на жыццё і іншымі правамі».

Напрыканцы святой Імшы Мітрапаліт звярнуўся да сабраных са сваёй прамовай, якая ў выпадку правядзення Агульнанацыянальнага маршу, што планаваўся раней, была б агучана на яго заканчэнне.

«Наш народ перажыў атэістычную ідэалогію, і яна не змагла загасіць у душах людзей святло Евангелля. Сёння нас атакуе ідэалогія цывілізацыі смерці, якая не прызнае святасць чалавечага жыцця і праўду, што Бог, а не чалавек, з’яўляецца Валадаром жыцця ад самага зачацця да натуральнай смерці, — сказаў, звяртаючыся да вернікаў, іерарх. — Таму практыка абортаў, эўтаназія і смяротнае пакаранне супярэчаць Божаму праву».

«Маючы на ўвазе, што кожны аборт – гэта забіццё абсалютна бяззбройнага ненароджанага жыцця, і таму з’яўляецца злом, якое вядзе да генацыду нацыі, мы павінны спытаць саміх сябе: а дзе ў такой сітуацыі знаходзіцца сам чалавек? — паставіў пытанне Мітрапаліт. — Ніхто ж не цягне за руку жанчыну і не змушае яе забіваць сваё дзіця ў яе ж улонні!? Ніхто таксама не намаўляе бацьку не народжанага яшчэ дзіцяці, каб уплываў на жанчыну пайсці на такі крок!? Таму прычынай паўстання складанай дэмаграфічнай сітуацыі з’яўляюцца не толькі матэрыяльныя прычыны ці заканадаўства, якое дазваляе аборты, але таксама і растучая маральная дэградацыя грамадства».

«Мы забываемся аб тым, што плод, які ў сваім улонні носіць жанчына, — гэта ўжо чалавек. Мы ўсе калісьці былі эмбрыёнамі, і калі б нашы маці не дазволілі нам нарадзіцца, ніхто з нас не ўбачыў бы прыгажосці гэтага свету і не быў бы яго жыхаром, — адзначыў арцыпастыр. — З маральнага пункту гледжання не можа быць ніякай дыскусіі адносна праблемы захавання дару жыцця чалавека, бо толькі Бог можа распараджацца ім. Паталогію лечаць, а не апранаюць у прававую форму. Мы павінны бараніць жыццё ўсімі сіламі і садзейнічаць, каб яно развівалася далей».

Арцыбіскуп нагадаў пра дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце, да правядзення якога заклікаў Папа Францішак і які адбыўся 7 верасня. «Як вядома, з-за сірыйскага крызісу сучасны свет апынуўся на парозе новай вайны. Здавалася, што ўжо нішто не зможа стрымаць ваенных дзеянняў. Ініцыятыву ў свае рукі ўзяў Папа Францішак, які рашуча асудзіў планаваную збройную інтэрвенцыю і заклікаў да посту і малітвы», — сказаў іерарх. Мітрапаліт прапанаваў арганізаваць у Беларусі нацыянальны дзень малітваў і посту ў інтэнцыі абароны жыцця. «Нашы высілкі павінны быць умацаваны постам і малітвай. Нездарма кажа Хрыстус: “Гэты ж род (зла) выганяецца толькі малітваю і постам” (Мц 17, 21)», — звярнуў увагу арцыпастыр.

Поўны тэкст прамовы>>>

Мітрапаліт заклікаў удзельнікаў Імшы «аб'яднацца ў нашых намаганнях у імя абароны жыцця для шчаслівай будучыні нашай Бацькаўшчыны.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by