Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне Імшы ў абарону жыцця

21 верасня 2013 г. Прамова была зачытана пасля святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле, а не каля стэлы на заканчэнне Агульнанацыянальнага маршу ў абарону жыцця, як планавалася, бо дазвол на правядзенне маршу не быў атрыманы.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, удзельнікі святой Імшы ў абарону жыцця!

1. Сучасны свет перажывае нялёгкія часы з іх выклікамі, на якія неабходна адказваць. Не абыходзяць яны бокам і нашу Бацькаўшчыну. У сінявокую Беларусь усё мацней і мацней пранікаюць чужыя хрысціянскаму духу ідэі, якія падрываюць святыя прынцыпы жыцця, Божыя законы і годнасць чалавека. Наш народ перажыў атэістычную ідэалогію, і яна не змагла загасіць у душах людзей святло Евангелля. Сёння нас атакуе ідэалогія цывілізацыі смерці, якая не прызнае святасць чалавечага жыцця і праўду, што Бог, а не чалавек, з’яўляецца Валадаром жыцця ад самага зачацця да натуральнай смерці. Таму практыка абортаў, эўтаназія і смяротнае пакаранне супярэчаць Божаму праву.

Санкцыянаваная многімі дзяржавамі практыка абортаў нясе з сабой страшнае жніво. Так, па гэтай прычыне за апошнія 40 гадоў каля 1,7 мільярда яшчэ не народжаных чалавечых істот было пазбаўлена жыцця (пар. http://lubczasopismo.salon24.pl/rodzynkizzakalca/post/532152,dzwony-na-trwoge-ks-abp-slawoja-leszka-glodzia).

2. Смела можна сказаць, што сучасны свет падвержаны дэмаграфічнаму цунамі, якое таксама не ашчаджае і Беларусь. Пад уплывам секулярных тэндэнцый яго хвалі, якія знішчаюць чалавечае жыццё, адна за адной накатваюцца на нашу Бацькаўшчыну, несучы пагрозу існавання нацыі. Традыцыйныя для Беларусі шматпакаленныя і шматдзетныя сем’і практычна перасталі існаваць. Да гэтага далучаецца ўсё ўзрастаючая з году ў год колькасць абортаў.

У выніку, нягледзячы на многія пазітыўныя і добрыя дзяржаўныя праграмы ў падтрымку сям’і, насельніцтва нашай краіны памяншаецца з году ў год. Так, у 2011 г. у Беларусі нарадзілася 109 364 дзяцей, памерла 135 099 чалавек. Такім чынам насельніцтва краіны зменшылася на 15 800 чалавек (пар. http://naviny.by/rubrics/society/2012/01/26/ ic_news_116_385588). Але калі звернем увагу на тое, што ў тым самым годзе было зроблена 26 858 абортаў (пар. http://freesmi.by/obshhestvo/113522), то калі б не было штучнага перарывання цяжарнасці, то не было б і змяншэння насельніцтва. Наадварот, быў бы яго натуральны прырост.

3. У такой сітуацыі паўстае пытанне: “Як выйсці з крызісу? Ці дастаткова толькі матэрыяльна дапамагаць шматдзетным сем’ям, каб іх было больш і каб мы часцей чулі смех дзяцей?” Практыка паказвае, што гэтага яшчэ замала.

Згодна з пастановай Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня  гэтага года, у нашай краіне засталіся толькі дзве, з ранейшых дзесяці, прычыны для правядзення аборту па сацыяльных паказальніках на познім тэрміне цяжарнасці: цяжарным па прычыне згвалтавання і жанчынам, пазбаўленым бацькоўскіх правоў. У той жа час застаюцца ў сіле тры групы падставаў для перарывання цяжарнасці: па жаданні жанчыны без абгрунтавання прычыны ў тэрмін да дванаццаці тыдняў цяжарнасці; па жаданні жанчыны пры наяўнасці сацыяльных паказальнікаў да дваццаці двух тыдняў цяжарнасці; і па медыцынскіх паказальніках у любы тэрмін цяжарнасці (пар. http://freesmi.by/obshhestvo/113522).

4. Маючы на ўвазе, што кожны аборт – гэта забіццё абсалютна бяззбройнага ненароджанага жыцця, і таму з’яўляецца злом, якое вядзе да генацыду нацыі, мы павінны спытаць саміх сябе: а дзе ў такой сітуацыі знаходзіцца сам чалавек? Ніхто ж не цягне за руку жанчыну і не змушае яе забіваць сваё дзіця ў яе ж улонні!? Ніхто таксама не намаўляе бацьку не народжанага яшчэ дзіцяці, каб уплываў на жанчыну пайсці на такі крок!? Таму прычынай паўстання складанай дэмаграфічнай сітуацыі з’яўляюцца не толькі матэрыяльныя прычыны ці заканадаўства, якое дазваляе аборты, але таксама і растучая маральная дэградацыя грамадства.

Мы забываемся аб тым, што плод, які ў сваім улонні носіць жанчына, — гэта ўжо чалавек. Мы ўсе калісьці былі эмбрыёнамі, і калі б нашы маці не дазволілі нам нарадзіцца, ніхто з нас не ўбачыў бы прыгажосці гэтага свету і не быў бы яго жыхаром.

Нагадваючы аб неабходнасці ўдасканалення палітыкі ў падтрымку сям’і, у тым ліку і ў галіне абароны жыцця, трэба памятаць і аб маральным аспекце праблемы. Жыццё чалавека – гэта самы каштоўны Божы дар, і яго неабходна бараніць усімі сіламі. З маральнага пункту гледжання не можа быць ніякай дыскусіі адносна праблемы захавання дару жыцця чалавека, бо толькі Бог можа распараджацца ім. Паталогію лечаць, а не апранаюць у прававую форму. Мы павінны бараніць жыццё ўсімі сіламі і садзейнічаць, каб яно развівалася далей. Таму, перафразоўваючы словы Вялікага Папы благаслаўлёнага Яна Паўла II, звяртаюся да ўсіх грамадзян нашай краіны з заклікам: “Зберажэм жыццё, каб Беларусь была слаўнай!”

5. Як вядома, з-за сірыйскага крызісу сучасны свет апынуўся на парозе новай вайны. Здавалася, што ўжо нішто не зможа стрымаць ваенных дзеянняў. Ініцыятыву ў свае рукі ўзяў Папа Францішак, які рашуча асудзіў планаваную збройную інтэрвенцыю і заклікаў да посту і малітвы ў інтэнцыі міру ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце. Гэтая беспрэцэдэнтная акцыя адбылася 7 верасня. Вынік відавочны, і праблема вырашаецца дыпламатычным шляхам.

Таму прапаную арганізаваць у Беларусі нацыянальны дзень малітваў і посту ў інтэнцыі абароны жыцця. Нашы высілкі павінны быць умацаваны постам і малітвай. Нездарма кажа Хрыстус: “Гэты ж род (зла) выганяецца толькі малітваю і постам” (Мц 17, 21).  

Аб’яднаемся ж, браты і сёстры, у нашых намаганнях у імя абароны жыцця для шчаслівай будучыні нашай Бацькаўшчыны. Мы пакліканы ствараць новую культуру чалавечага жыцця, каб наш народ быў народам жыцця і для жыцця, –  як навучае благаслаўлёны Папа Ян Павел II (пар. EV 78). Няхай у гэтым нам дапаможа Бог, і няхай Ён благаславіць Беларусь, каб у ёй панавала сапраўдная цывілізацыя жыцця!

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура:


1. Ян Павел II. Энцыкліка “Evangelium vitae” (EV).
2. http://lubczasopismo.salon24.pl/rodzynkizzakalca/post/532152,
dzwony-na-trwoge-ks-abp-slawoja-leszka-glodzia.
3. http://naviny.by/rubrics/society/2012/01/26/ ic_news_116_385588.
4. http://freesmi.by/obshhestvo/113522.

Адноўлена 21.09.2013 13:17
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску