Новы біскуп Юрый Касабуцкі пасвячаны ў Мінску | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.01.2014 15:19 |
Абрад пасвячэння новага біскупа, якога прызначыў 29 лістапада Папа Францішак, пачаўся гімнам да Духа Святога. Прадстаўнік прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч звярнуўся да галоўнага пасвячаючага з просьбай удзяліць кс. Юрыю Касабуцкаму біскупскае пасвячэнне. Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прачытаў намінацыйную булу Святога Айца Францішка. “Мы заўсёды імкнемся дапамагаць кіраўнікам дыяцэзій, якія са слушных прычынаў просяць у Нас дапаможных біскупаў, каб больш плённа спаўняць сваё служэнне. Вось жа, Мы з прыхільнасцю прыслухаліся да просьбаў вялебнага брата Тадэвуша Кандрусевіча, арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі лацінскага абраду, які гэтае прашэнне накіраваў з прычыны вялікай колькасці вернікаў, прыналежных да яе, - гаворыцца ў буле. - Нам застаецца толькі, умілаваны сыне, даручыць цябе заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з гарачай мацярынскай любоўю апякуецца ўсімі, каго прыняла як сваіх сыноў пад Крыжам Хрыста”. У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, між іншым, пра асноўныя абавязкі біскупа. У сучаснай гісторыі мінскага архікатэдральнага касцёла, як згадаў іерарх, гэтае біскупскае пасвячэнне стала другім пасля пасвячэння ў 1999 г. біскупа Кірыла Клімовіча - зараз ардынарыя дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку. Гаворачы пра прызначэнне Папам Францішкам для Касцёла ў Беларусі трох новых біскупаў, Мітрапаліт заўважыў: “Іх прызначэнне наступнікамі Апосталаў – гэта знак жыццёвасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго надзеі і ўзбагачэння, а таксама павагі Апостальскага Пасаду да нашай краіны”. Арцыпастыр нагадаў, што ўсе тры новапрызначаныя біскупы Беларусі – Юрый Касабуцкі, Алег Буткевіч і Юзаф Станеўскі – з’яўляюцца выпускнікамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. “Таму я вельмі ганаруся гэтай семінарыяй, якую Бог дазволіў мне заснаваць”, - прызнаўся Мітрапаліт. Шчырую падзяку арцыбіскуп выказаў маці выбранага, прысутнай на ўрачыстасці. "Па праву ганарыся сёння, сям’я Касабуцкіх! Ганарыся, горад Маладзечна і парафія Святога Юзафа! Ганарыся, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя! Ганарыцеся ўсе, хто стаяў на яго шляху да святарства і біскупства!” – сказаў іерарх. Нагадваючы, што дэвізам свайго служэння біскуп Юрый Касабуцкі абраў словы з Евангелля “Manere in Christo” – “Трываць у Хрысце” (пар. Ян 15, 4) – Мітрапаліт адзначыў: “Гэта азначае, што сваё біскупскае служэнне ты хочаш звязаць з Хрыстом, бо добра ведаеш, што без Яго нічога не можам зрабіць”. “Злучаны з Хрыстом, умацоўвай верных словам Божым і жыццядайнымі сакрамэнтамі. Прымай мудрыя рашэнні. Будзь айцом для святароў і клапаціся аб кансэкраваных асобах. Шукай згубленых авечак. Клапаціся пра моладзь, як надзею Касцёла і свету. Паказвай міласэрнае аблічча Бога хворым, слабым і патрабуючым”, - заклікаў арцыпастыр біскупа наміната. Мітрапаліт назваў сімвалічным тое, што гэтае пасвячэнне адбываецца ў свята Навяртання святога Паўла, Апостала, “які таксама заклікаў да трывання ў Хрысце, як умовы плённага служэння Богу і людзям”, а таксама тое, што пасвячэнне адбываецца ў дзень завяршэння Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. “Усе хрысціяне павінны разам бараніць хрысціянскія каштоўнасці і абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова, - дадаў арцыбіскуп. - Цябе чакае Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Касцёл у Беларусі. Чакае і верыць, што з тваім прыйсцем і прыйсцем яшчэ дваіх новых біскупаў – Алега Буткевіча і Юзафа Станеўскага – у яго ўвальецца новы подых Святога Духа, каб прывесці яго да новай вясны”. Біскуп намінат адказаў на пытанні, зададзеныя яму галоўным пасвячаючым, такім чынам выказаўшы згоду выконваць біскупскія абавязкі. Прагучала Літанія да Усіх Святых, падчас якой выбраны на знак выключнага прысвячэння сябе Богу кладзецца ніцма. Затым настала галоўная частка абраду: ускладанне рук і малітва пасвячэння. Мітрапаліт і ўсе біскупы па чарзе ўсклалі рукі на галаву выбранага ў знак яго далучэння да Калегіі Біскупаў. Змест малітвы пасвячэння праслаўляе біскупа як пастыра. Пасля гэтых абрадаў, калі выбраны ўжо з’яўляецца біскупам, Мітрапаліт намасціў яго чало, што нагадвае аб містычным намашчэнні Духам Святым, якое адбылося перад ускладаннем рук, і дае плённасць біскупскаму служэнню. Новаму іерарху былі ўручаны кніга Евангелля, што нагадвае аб галоўным заданні кожнага біскупа – абвяшчэнні Добрай Навіны, і біскупскія адзнакі — персцень, мітра і пастарал. Персцень – знак вернасці і напамін біскупу ахоўваць Божую абранніцу – Святы Касцёл. Мітра сімвалізуе святасць, якой біскуп павінен адзначацца сярод людзей. Пастарал – сімвал пастырскай улады і адначасова напамін біскупу, што ён не валадар аўчарні, але яе правадыр на шляху да збаўлення. Абрад пасвячэння завяршыўся пацалункам супакою, які азначае далучэнне новага іерарха да Калегіі Біскупаў і які ўдзялілі пасвячанаму ўсе прысутныя біскупы. Паколькі адбылося пасвячэнне дапаможнага біскупа дыяцэзіі, ён у адпаведнасці з абрадам не заняў катэдру, а Імшу ад пачатку да канца узначальваў галоўны пасвячаючы. У падзеі пасвячэння прымалі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і ўсе біскупы Беларусі, у тым ліку новы ардынарый Віцебскі біскуп Алег Буткевіч, пасвячэнне якога адбылося 18 студзеня. Прысутнічалі таксама біскуп намінат Юзаф Станеўскі, пасвячэнне якога плануецца 1 лютага, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, госці з Беларусі і з-за мяжы, прадстаўнікі ўладаў, дыпламатычнага корпусу, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, вернікі. Прысутнічала таксама Ядвіга Пастэрнак з Вілейкі – жанчына, якой Папа Францішак напісаў і даслаў першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент на беларускай мове. Па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, сведчанне такіх людзей, як гэтая жанчына, “спрыяла таму, што вера не толькі захавалася, але і была перададзена маладым пакаленням”. Напрыканцы літургіі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся да новага біскупа і ўсіх прысутных, з жартам сказаў: “Сёння над беларускай зямлёй свеціць асабліва прыгожае сонца, каб аздобіць гэтую ўрачыстасць. Але тым не менш холадна – таму быў пасвячаны новы біскуп, каб ён прынёс цяпло Божага сэрца. Ён малады, таму мае моцнае сэрца”. Прадстаўнік Папы дадаў, што віншаванні праз яго кіруе ў гэты дзень Святы Айцец. “Для Вас гэты дзень мае асаблівае значэнне, - звярнуўся Апостальскі Нунцый да Мітрапаліта. – Жэст ускладання рук ардынарыя на галаву дапаможнага біскупа – гэта сапраўдны жэст нараджэння новага жыцця. Вашаму бацькоўскаму клопату і любові давяраем новага біскупа Юрыя. Мы шчаслівыя, што Святы Айцец змог даць Вам гэтую дапамогу”. Тое ж прывітанне і благаслаўленне Пантыфіка арцыбіскуп скіраваў да ўсіх прысутных іерархаў і святароў, адзначыўшы, што “ўсё, што гаворыцца пра біскупа, адносіцца і да святароў”, “віншаванні, якія кіруюцца да новага біскупа, і намаганні, якія ад яго патрабуюцца, датычаць і іх”. Апостальскі Нунцый ад імя Папы выказаў асаблівую падзяку бацькам новага іерарха, а таксама верніцы вілейскай парафіі Ядвізе Пастэрнак, за тое, што “ў часы, халодныя да веры, яны змаглі сагрэць сэрца веры гэтага народа”. “Якой вялікай цяжкасцю 25 гадоў таму было сустрэць тут хоць аднаго святара! – сказаў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да ўсіх вернікаў. – Сёння Касцёл аднаўляецца, узыходзіць сонца. Але ўсе гэтыя святары і біскупы былі пасвячаны для вас – для кожнага з вас. Вы з’яўляецеся паствай, і пастыр без паствы не мае ніякага сэнсу”. “Таксама і вы старайцеся бегчы, імкнуцца разам з вашымі біскупамі да мэты – радасці вечнага Бога, - заахвоціў іерарх прысутных. – Гэта патрабуе душы і сэрца, поўнага энтузіязму, каб даць гэтую радасць перадусім моладзі. І сённяшняе свята паказвае, што Дух Святы працягвае працаваць, каб гэтая радасць была. Але Дух Святы мае вашы рукі, каб абдымаць, і калі вашы рукі застануцца закрытымі – будзе цяжка для Духа, бо Ён не зможа нікога абняць”. “Пасля таго, як абдымеце вашага новага біскупа, вашым пакліканнем ёсць абняць увесь свет – усіх, хто нам падабаецца і не падабаецца, веруючых і няверуючых. Калі абдымеце ўсіх і ў вас застануцца сілы на апошнія абдымкі, падарыце гэтыя абдымкі Папу Францішку”, - сказаў арцыбіскуп. Анастасія Грышан |