Мінская архікатэдра, 25 студзеня 2014 г. “Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне… Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі” (Лк 4, 18.21)
Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі іншых веравызнанняў, дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій, браты і сёстры!
1. Гэтыя словы Езуса з сённяшняга Евангелля, сказаныя Ім у сінагозе ў Назарэце, вельмі добра адпавядаюць духу ўрачыстасці, якая адбываецца ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас якой Дух Святы намасціць нашага брата біскупа электа Юрыя Касабуцкага, каб ён атрымаў поўню святарства і стаў наступнікам Апосталаў (пар. LG 20).
У сучаснай гісторыі гэтай святыні гэта другое біскупскае пасвячэнне, пасля таго як у 1999 г. быў пасвячаны біскуп Кірыл Клімовіч, які цяпер з’яўляецца ардынарыем дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку ў Расіі.
2. Як вядома, 29 лістапада 2013 г. Святы Айцец Францішак прызначыў для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі трох новых біскупаў: святара Алега Буткевіча ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі, святара Юрыя Касабуцкага дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мансіньёра Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.
Усе яны сыны беларускай зямлі і ўсе выпускнікі Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, якую Божы Провід дазволіў мне заснаваць у 1990 г. Іх прызначэнне наступнікамі Апосталаў – гэта знак жыццёвасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго надзеі і ўзбагачэння, а таксама павагі Апостальскага Пасаду да нашай краіны.
3. Яго Эксцэленцыя Юрый Касабуцкі нарадзіўся ў горадзе Маладзечна. Ягоныя бацькі ў нялёгкія часы ганенняў на Касцёл прывілі яму любоў да Бога і бліжняга і выхавалі ў духу паслухмянасці Божай волі. Вялікі ўплыў на яго духоўную фармацыю меў мансіньёр Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, як яго пробашч і духоўны кіраўнік, які дапамог яму пачуць голас паклікання да святарства, фармацыю да якога ён прайшоў у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, каб потым далей удасканальвацца ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.
Таму па праву ганарыся сёння, сям’я Касабуцкіх! Ганарыся, горад Маладзечна і парафія Св. Юзафа! Ганарыся, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя! Ганарыцеся ўсе, хто стаяў на яго шляху да святарства і біскупства! За ўсё гэта Касцёл у Беларусі нізка кланяецца вам і шчыра дзякуе!
4. Божы Провід паклапаціўся аб адпаведнай падрыхтоўцы Яго Эксцэленцыі Юрыя Касабуцкага да будучых заданняў. Атрымаўшы добрую святарскую фармацыю і прайшоўшы ўсе ступені святарскага служэння, ён добра вядомы як у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, так і за яе межамі. Цешыцца заслужаным аўтарытэтам сярод духавенства і ў грамадстве. Адзначаецца багатым пастырскім і адміністрацыйным досведам, які атрымаў працуючы вікарыем, пробашчам, прэфектам і выкладчыкам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, дырэктарам сакратарыяту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, канцлерам Мінска-Магілёўскай Курыі. Вялікай дапамогай у выконванні яго абавязкаў з’яўляецца валоданне беларускай, рускай, польскай і англійскай мовамі.
Таму не дзіўна, што менавіта яго выбраў Папа Францішак і сёння ў якасці дапаможнага біскупа пасылае на ніву Мінска-Магілёўскага Касцёла, каб яго ўзбагаціць, даць яму новую надзею і ўчыніць больш дынамічным.
5. Праз біскупскае пасвячэнне святар яшчэ мацней злучаецца з Хрыстом і Касцёлам, з Божага ўстанаўлення становіцца наступнікам Апосталаў і членам Калегіі Біскупаў на чале з Папам (пар. LG 20.22; ChD 4).
Цесная лучнасць з Хрыстом вызначае тоеснасць і місію біскупа. Вобраз біскупа як пастыра, які выводзіцца са Святога Пісання і Традыцыі, адсылае да Хрыста, фарміруе біскупскую тоеснасць і ўказвае на евангельскі дынамізм і місійнае захапленне. Езус, як Добры Пастыр, вучыць, як выконваць біскупскія функцыі навучання, асвячэння і кіравання Народам Божым (пар. LG 21). Біскуп таксама пакліканы ўвасабляць бацькоўства Бога Айца; дабрыню, клопат, міласэрнасць, лагоднасць і аўтарытэт Хрыста, і прысвяціць сваё жыццё служэнню людзям.
Праз біскупскае пасвячэнне наступае цесная лучнасць з Касцёлам, як Містычным Целам Хрыста, галавою якога ён сам з’яўляецца. Таму біскуп павінен быць бачнай крыніцай і фундаментам адзінства ў Касцёле. Ён пакліканы няспынна і нястомна будаваць як мясцовы, так і паўсюдны Касцёл, бо ён адказны за іх (пар. LG 27; ChD 5).
6. Сфера дзейнасці біскупа і заданні, якія стаяць перад ім, вельмі вялікія і адказныя, асабліва ў наш час.
Наступаючы секулярызм і маральны рэлятывізм становяцца новымі выклікамі для біскупскага служэння. Зусім нядаўна завяршыўся Год веры, якую неабходна бараніць і ўмацоўваць найперш праз мужнае абвяшчэнне Евангелля, да чаго асаблівым чынам заклікаюць Пантыфікі благаслаўлёны Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Сучасны свет чакае евангельскай свежасці (пар. EG 11), каб асвяціць яго святлом веры і каб ён не заблудзіўся на сваім жыццёвым шляху (пар. LF 3).
Таму неабходна вернасць Божаму слову і клопат аб тым, каб яно было данесена да ўсіх людзей — да тых, якія знаходзяцца ў Касцёле, і тых, каго там няма (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/speeches/2013/july/ documents/papa-francesco_20130725_gmg-argentini-rio_it.html).
Неабходна таксама верная цэлебрацыя сакрамэнтаў для асвячэння Божага Народа і кіраванне ім праз служэнне яму па прыкладу Хрыста, які не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць (пар. Мц 20, 28).
Гэта нялёгкія заданні, але ўсё магчыма ў Богу, які нас умацоўвае (пар. Піл 4, 13). Для паспяховага іх выканання неабходна таксама глыбока да сэрца прыняць настаўленні святога апостала Паўла з Пасланняў да Цімафея і Ціта – а менавіта тое, што біскуп павінен быць бездакорны і мець добрае сведчанне ад іншых, адзначацца пабожнасцю, моцнай верай, любоўю, трываласцю, лагоднасцю, справядлівасцю, разважлівасцю, цнатлівасцю, устрымліванасцю, праўдзівасцю вучэння, негняўлівасцю, некарыслівасцю і г.д. (пар. 1 Цім 3, 2.7; 6, 11-12. Ціт 1, 7-9).
7. Эксцэленцыя Юрый!
Дэвізам сваёй біскупскай паслугі ты выбраў словы Евангелля: “Manere in Christo” – “Трываць у Хрысце” (пар. Ян 15, 4). Гэта азначае, што сваё біскупскае служэнне ты хочаш звязаць з Хрыстом, бо добра ведаеш, што без Яго нічога не можам зрабіць (пар. Ян 15, 5).
Злучаны з Хрыстом, умацоўвай верных словам Божым і жыццядайнымі сакрамэнтамі. Прымай мудрыя рашэнні. Будзь айцом для святароў і клапаціся аб кансэкраваных асобах. Шукай згубленых авечак. Клапаціся пра моладзь, як надзею Касцёла і свету. Паказвай міласэрнае аблічча Бога хворым, слабым і патрабуючым. Май заўсёды адчыненыя дзверы і сэрца для шукаючых праўды і сэнсу жыцця. І будзі ў іх надзею.
Вельмі сімвалічна, што тваё біскупскае пасвячэнне адбываецца ў свята Навяртання святога Паўла, Апостала, які таксама заклікаў да трывання ў Хрысце, як умовы плённага служэння Богу і людзям. Святы Павел уяўляе сабой непераўзыдзены прыклад Апостала народаў. Ён мужна нёс Добрую Навіну ўсім людзям, навучаючы, што няма ні юдэя, ні язычніка, няма ні раба, ні свабоднага, бо ўсе адно ў Хрысце (пар. Гал 3, 28).
Сімвалічна і тое, што сённяшняя падзея адбываецца ў дзень завяршэння Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Усе хрысціяне павінны разам бараніць хрысціянскія каштоўнасці і абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова (пар. Гбр 4, 12), каб супрацьстаяць выклікам секулярызму, адраджаць і ўмацоўваць веру.
Цябе чакае Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Касцёл у Беларусі. Чакае і верыць, што з тваім прыйсцем і прыйсцем яшчэ дваіх новых біскупаў – Алега Буткевіча і Юзафа Станеўскага – у яго ўвальецца новы подых Святога Духа, каб прывесці яго да новай вясны.
Біскуп, разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі, павінен ажыццяўляць апостальскую місію новай евангелізацыі для перадачы веры ў сучасным свеце, бо гэта галоўнае заданне Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. Свет з аднаго боку заўсёды такі ж самы, але з іншага – не той самы. Такі ж самы, бо радасць і надзея, смутак і трывога людзей нашага часу заўсёды прысутныя ў ім (пар. GS 1), але не той самы, бо змяняюцца іх прапорцыі, жыццёвыя сітуацыі, стан веры і г.д.
Сёння, з аднаго боку, мы бачым небяспечны ўплыў неапаганскай і секулярнай культуры, аж да такой ступені, што сучасны чалавек часта жыве так, як быццам Бога зусім няма. З іншага ж – у сучасным свеце ёсць шмат знакаў духоўнага рэнесансу, бо, непераможны сілай Уваскрослага Хрыста, Касцёл з’яўляецца гатовым да жніва полем і адначасова плывучым па ўзбураных хвалях сучаснага акіяну секулярызму чаўном Пятра. Таму сёння патрэбны пастыры, якія трывала, разважліва і адважна будуць весці людзей да Бога і бараніць Божы закон у сучасным свеце, які яго не ўспрымае.
8. Біскупскае служэнне не з’яўляецца гонарам, але цяжкім абавязкам. Спосабам яго ажыццяўлення не з’яўляецца ўлада, але служэнне ўсім людзям, бо біскуп з людзей узяты і людзям пастаўлены на служэнне Богу (пар. Гбр 5, 1).
Сёння, глыбокапаважаны Эксцэленцыя, у якасці наступніка Апосталаў ты распачынаеш гэтае служэнне і адказнасць за Касцёл. Ён у цяжкія часы ганенняў захаваў веру і перадаў яе маладым пакаленням, і цяпер, у новых абставінах свабоды веравызнання і адначасова новых выклікаў глабалізацыі амаральнасці і ўседазволенасці, сцеражэ і памнажае яе багацце. Божы Провід пасылае цябе прыняць актыўны ўдзел у гэтым працэсе.
Ты яшчэ не ведаеш, якімі сцежкамі павядзе цябе Бог, і не ведаеш, якія выклікі і заданні чакаюць цябе на шляху твайго біскупскага служэння. Аднак будзь упэўнены, што Хрыстус заўсёды з табой. Больш за тое, Ён заўсёды на адзін крок знаходзіцца перад табой і заўсёды будзе крыніцай тваёй моцы і лагоднасці, мудрасці і святасці, жыцця і служэння, каб ты, паклаўшы руку сваю на плуг (пар. Лк 9, 62), ішоў толькі наперад.
Будзь жа “Gaudium et spes” – радасцю і надзеяй Касцёла ў Беларусі (пар. GS 1)! Няхай праз заступніцтва Божай Маці, якую ты ўзгадваеш у сваім гербе, цябе благаславіць Бог на многая і святая лета! Амэн.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG). 2. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes” (GS). 3. Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра пастырcкае служэнне біскупаў у Касцёле “Christus Dominus” (ChD). 4. Францішак. Энцыкліка “Lumen fidei” (LF). 5. Францішак. Апостальская адгартацыя “Evangelii gaudium” (EG). 6. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/speeches/2013/july/ documents/papa-francesco_20130725_gmg-argentini-rio_it.html.
|