“Мы прызначаны для хвалы, якую мае Езус у небе. Але перад гэтым нас чакае крыж, які мы павінны несці. Для гэтага мы павінны быць моцнымі духоўна. Менавіта таму кожны год у Вялікі пост мы, нягледзячы на складаную і цяжкую дарогу нашага жыцця, разам з Езусам падымаемся на гару Табор”, - падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас Імшы ў другую нядзелю Вялікага посту, 16 сакавіка. Імшу іерарх цэлебраваў у мінскім архікатэдральным касцёле.
Літургічнае чытанне Евангелля гэтага дня апавядае пра Перамяненне Хрыста на гары Табор у прысутнасці апосталаў Пятра, Яна і Якуба. “На пачатку Вялікага посту мы духоўным вобразам разам з апосталамі ідзём за Езусам на нашу гару Табор, каб там убачыць, якім Ён на самой справе ёсць, бо праз Яго, з Ім і ў Ім ззяе Божая слава”, - заўважыў Мітрапаліт.
“Мы духоўна ўзбіраемся на гару Перамянення па той самай прычыне, для чаго Майсей узбіраўся на гару Нэво. Ён ішоў туды, каб паглядзець на Зямлю абяцаную. Таксама і мы хочам паглядзець перад сабой, паглядзець, куды мы ідзём і кім мы можам быць. Хрысціянін не павінен задавольвацца толькі тым, кім ён ёсць. Ён павінен ведаць, кім ён можа быць”, - падкрэсліў арцыпастыр.
“Нам добра, калі з намі Езус”, - дадаў іерарх, прыводзячы словы апостала Пятра з Евангелля: “Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі”. Нагадваючы, што шмат пакаленняў “чакала Божага дару свабоды веравызнання”, “заплаціла крывёй за вернасць Богу”, арцыбіскуп прапанаваў вернікам паразважаць над пытаннем: “Ці належным чынам карыстаемся мы гэтым дарам сёння?”
Па словах Мітрапаліта, “Святое Пісанне заклікае быць падобнымі да Хрыста, бо мы пакліканы быць падобнымі да Бога, па вобразу і падабенству якога мы былі створаны”.
“Кожны год у Вялікі пост мы (…) разам з Езусам падымаемся на гару Табор. Мы падымаемся на яе, каб зведаць візіі Пятра, Яна і Якуба, з моцнай верай вярнуцца на зямлю, свяціць святлом веры і крочыць да нябеснай славы. Гэты шлях з’яўляецца крыжовым шляхам, - адзначыў арцыбіскуп. - Вялікі пост прыгадвае нам, што крыжовы шлях Бог учыніў шляхам жыцця і супакою і што наша прызначэнне такое ж, як і Хрыста, – а менавіта неба, дзе мы будзем свяціць святлом, падобным да святла Хрыста на гары Перамянення”. Поўны тэкст гаміліі>>> Мітрапаліт заахвоціў удзельнікаў Імшы засяродзіць падчас Вялікага посту свой позірк “на Хрысце, які вядзе нас да духоўнага перамянення”. (AG)
|