Мінская архікатэдра, 16 сакавіка 2014 г.
Вышэй лепей
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Адна гісторыя распавядае пра вельмі аптымістычную жанчыну, якая з-за хваробы была абмежавана ў сваёй дзейнасці і таму не выходзіла са свайго памяшкання, якое знаходзілася на апошнім паверсе старога высокага дома. Яе сяброўка часта наведвала хворую жанчыну і аднойчы ўзяла з сабой іншую, вельмі багатую. Паколькі ў доме не было ліфта, абедзве дамы пачалі доўгі пад’ём уверх. Калі яны дабраліся да другога паверха, багатая жанчына сказала, што гэтае месца цёмнае і бруднае. Яе сяброўка адказала, што вышэй будзе лепей. Гісторыя паўтаралася на кожным паверсе. Багатая жанчына казала, што ў гэтым доме ўсё вельмі блага, на што чула адказ, што вышэй будзе лепей. Нарэшце яны дабраліся да апошняга паверху і ўвайшлі ў пакой хворай жанчыны, на твары якой прамянілася радасць, якая запаўняла яе сэрца. Хаця пакой быў чысты і на стале стаялі свежыя кветкі, багатая жанчына не магла прыйсці ў сябе і сказала, што, напэўна, вельмі цяжка жыць у такіх абставінах. На што хворая адказала, паказваючы на неба, што вышэй будзе лепей. Яна не прывязвала свайго жыцця да рэчаў часовых і нават да цярпенняў, але з поўнымі веры вачыма радасна чакала нябеснай славы.
2. У другую нядзелю Вялікага посту Касцёл вядзе нас на гару Табор, дзе ў прысутнасці апосталаў Пятра, Яна і Якуба перамяніўся Хрыстус. Перамяненне Пана – гэта гісторыя нябеснай славы Езуса. На пачатку Вялікага посту мы духоўным вобразам разам з апосталамі ідзём за Езусам на нашу гару Табор, каб там убачыць, якім Ён на самой справе ёсць, бо праз Яго, з Ім і ў Ім ззяе Божая слава.
Ёсць такі вельмі вядомы і папулярны сярод моладзі мюзікл “Jesus Christ – Super Star” (“Езус Хрыстус – Супер Зорка”). Для нас Езус – гэта тая зорка, якая загарэлася над Бэтлеемам у дзень Яго Нараджэння і святло якой ззяе ўвесь час, асвятляе жыццёвы шлях чалавека і вядзе ў вечнае шчасце.
3. Чаму сёння мы сваімі думкамі ўзбіраемся на гару Табор? Чаму ідзём туды? Чаму імкнёмся ўбачыць святло перамененага Езуса? Чаму трацім на гэта каштоўны час? Ці сярод нас няма хворых, якіх трэба лячыць? Ці няма патрабуючых, якім трэба дапамагчы? Ці няма сумных, якіх трэба суцешыць? Ці няма працы, якую трэба выканаць? Ці няма дзяцей, якіх трэба накарміць, апрануць і адправіць у школу? Чаму Езус перарывае сваю місію і ідзе на гару Табор і чаму мы сёння ідзём за Ім?
4. Мы духоўна ўзбіраемся на гару Перамянення па той самай прычыне, для чаго Майсей узбіраўся на гару Нэво. Ён ішоў туды, каб паглядзець на Зямлю абяцаную. Таксама і мы хочам паглядзець перад сабой, паглядзець, куды мы ідзём і кім мы можам быць. Хрысціянін не павінен задавольвацца толькі тым, кім ён ёсць. Ён павінен ведаць, кім ён можа быць.
Калі Езус yзышоў на гару Табор, Ён перамяніўся. Перад гэтым Ён быў падобны да нас, але потым змяніўся да непазнання. Ён свяціўся нябеснай славай, падобна як свяціўся Майсей на гары Сінай, дзе атрымаў ад Бога дзесяць Божых запаведзяў. Ён свяціўся хвалой, якая ўзнесла Іллю ў неба, калі ён сышоў з гэтага свету, каб жыць у іншым. Ён свяціўся хвалой дня свайго хросту ў Ярдане, калі нябесны Айцец сказаў: “Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў”. Гэтыя ж самыя словы Бог паўтарыў падчас Перамянення Езуса на гары Табор.
5. Што можа сказаць просты смяротны чалавек перад абліччам такой славы?
Адказ дае апостал Пётр: “Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі”. Нам добра, калі з намі Езус. Як шмат пакаленняў чакала Божага дару свабоды веравызнання?! Як шмат людзей заплаціла крывёй за вернасць Богу?! Сёння мы маем гэты дар. Але ці належным чынам карыстаемся ім? На гэтае пытанне мы павінны адказаць сёння, бо ад яго залежыць наша будучыня.
6. Гара Табор не была мэтай Езуса. Ён павінен быў узысці на іншую гару – на Галгофу, дзе быў укрыжаваны. Яго чакаў доўгі і балючы шлях на гэтую самую высокую, у маральным сэнсе, гару ў свеце. Ён мог не ісці туды, мог завярнуць назад, мог нават з яе сысці, але не зрабіў гэтага, хаця добра ведаў, што Яго чакае крыжовая смерць.
Святое Пісанне заклікае нас быць падобнымі да Хрыста, бо мы пакліканы быць падобнымі да Бога, па вобразу і падабенству якога мы былі створаны.
Такім чынам, мы прызначаны для хвалы, якую мае Езус у небе. Але перад гэтым нас чакае крыж, які мы павінны несці. Для гэтага мы павінны быць моцнымі духоўна. Менавіта таму кожны год у Вялікі пост мы, нягледзячы на складаную і цяжкую дарогу нашага жыцця, разам з Езусам падымаемся на гару Табор. Мы падымаемся на яе, каб зведаць візіі Пятра, Яна і Якуба, з моцнай верай вярнуцца на зямлю, свяціць святлом веры і крочыць да нябеснай славы.
7. Гэты шлях з’яўляецца крыжовым шляхам. Касцёл прыпамінае нам, што Езус увайшоў у неба не адразу пасля хросту. Ён сорак дзён і начэй маліўся на пустыні і павінен быў перажыць спакусы, цярпеў за нас, быў замучаны на крыжы і ўваскрос для нас. Вялікі пост прыгадвае нам, што крыжовы шлях Бог учыніў шляхам жыцця і супакою і што наша прызначэнне такое ж, як і Хрыста, – а менавіта неба, дзе мы будзем свяціць святлом, падобным да святла Хрыста на гары Перамянення.
Вялікі пост вядзе нас да свята Пасхі. Таму ўсё тое, што мы чынім у гэты час, вядзе нас да радасці Уваскрасення Хрыста. Але ўжо сёння на нашай духоўнай гары Табор мы смакуем асалоду радасці вечнага шчасця, бо таямніца Перамянення Пана дае нам моц ісці па жыцці разам з Хрыстом.
8. Перамяненне Хрыста з’яўляецца запаведдзю мэты велікапоснага падарожжа, а менавіта Уваскрасення Хрыста. Яно нагадвае нам аб тым, што велікапоснае навяртанне адкрывае дарогу да велікоднай радасці, якая дае надзею на жыццё вечнае ў нябеснай славе. Аднак для яе дасягнення неабходна не страціць мэты нашага падарожжа. Для гэтага мы павінны заўсёды глядзець на Хрыста і даверыцца Яму, каб Ён падымаў нас з нашых грахоўных падзенняў і гэтым самым вёў на нашу духоўную гару Табор.
Таму, дарагія браты і сёстры, падчас Вялікага посту засяродзім наш позірк на Хрысце, які перамяніўся на гары Табор і які вядзе нас да духоўнага перамянення, каб сапраўды мы жылі праўдай, што вышэй лепей. Амэн.
|