Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у свята Хросту Пана: “Хрост Езуса нагадвае нам нашу місію” | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.01.2015 15:08

11 студзеня, у свята Хросту Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Каталіцкі Касцёл адзначае свята Хросту Пана ў нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана. Гэтым святам завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Апісанне Хросту Езуса ў Ярдане існуе ва ўсіх трох сінаптычных Евангеллях, а асаблівую ўвагу звяртае на гэтую падзею евангеліст Мацвей.

У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч патлумачыў, што словы нябеснага Айца “Гэта Сын Мой умілаваны” сталіся “першым афіцыйным прадстаўленнем Езуса народу Яго нябесным Айцом”, і гэтае свята “ёсць святам Аб’яўлення не толькі Езуса, але і ўсёй Святой Тройцы сабраным над Ярданам народам”.

“Бязгрэшны Езус атрымлівае хрост пакаяння, каб атаясаміцца з грэшным народам, - нагадаў арцыпастыр. - Благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты ідэнтыфікавала сябе з найбяднейшымі, каб такім чынам лепей ім служыць. Таксама і Сын Божы прыйшоў на гэтую зямлю і ідэнтыфікаваўся з чалавекам, каб яму служыць”.

Акрамя таго, дадаў іерарх, хрост Езуса быў “момантам пацвярджэння таго, што Езус ёсць Сын Божы”, “Яго місіі абвяшчаць Евангелле і збавіць чалавецтва з палону граху”, “момантам спаслання на Яго Святога Духа, які даў Яму моц абвяшчаць Добрую Навіну і лячыць людзей ад хваробаў цела і душы” і “момантам распачацця публічнай місіі Езуса, якая была пацверджана Яго нябесным Айцом”.

“Такім чынам, хрост Езуса ў Ярдане, падчас якога раскрылася неба, стаўся збаўчай інтэрвенцыяй Бога ў гісторыю чалавецтва”, - звярнуў увагу арцыбіскуп.

“Хрост Езуса таксама з’яўляецца для нас пасланнем. Ён нагадвае нам, кім і чые мы ёсць - а менавіта Божыя, бо ў сакрамэнце хросту мы становімся дзецьмі Божымі і членамі Касцёла, спадчыннікамі неба і святынямі Духа Святога. Дзякуючы хросту мы паміраем для граху і ўваскрасаем для жыцця ў Божай ласцы. Хрост становіцца падмуркам нашага духоўнага жыцця, брамай да жыцця ў Святым Духу, варотамі для доступу да ўсіх сакрамэнтаў”, - падкрэсліў Мітрапаліт.

Таксама, па словах арцыпастыра, “хрост Езуса нагадвае нам нашу місію: думкамі, словамі і дзейнасцю пацвярджаць нашу хрысціянскую тоеснасць і годнасць” – “гэта азначае, што планы, думкі і клопаты Езуса павінны быць нашымі планамі, думкамі і клопатамі”.  

Поўны тэкст гаміліі>>>

“Воды хросту ачысцілі нас з бруду граху. Памазанне алеем хрызмы прыпадобніла нас да Хрыста. Запаленая ад пасхала свечка з’яўляецца сімвалам святла веры. Таму, каб не страціць нашай хрысціянскай тоеснасці, неабходна заўсёды ачышчаццца ад граху ў сакрамэнце паяднання. Неабходна таксама сваім духоўным станам і жыццём ўпадабняцца да Хрыста. А святло веры павінна гарэць у нас так, каб мы маглі ім свяціць у сучасным свеце” – нагадаў іерарх вернікам.  

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by