Мінскі архікатэдральны касцёл, 11 студзеня 2015 г.
Хрост Пана – Яго аб’яўленне народам
1. Пяць дзён таму мы адзначалі ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якое папулярна называецца святам Трох Каралёў. Сённяшняе свята Хросту Пана таксама з’яўляецца святам Аб’яўлення, аб чым асабліва ўзгадвае ўсходняя традыцыя. Так, у Праваслаўнай Царкве няма свята Трох Каралёў, але па прашэсці 12 дзён ад Божага Нараджэння адзначаецца свята Хросту Езуса, якое мае перадусім значэнне Аб’яўлення Пана.
І сапраўды, сённяшняе свята ёсць святам Аб’яўлення, бо яно прадстаўляе нам першае сумеснае аб’яўленне Трох Боскіх Асобаў: Бога Айца, Бога Сына – Езуса Хрыста і Бога Святога Духа, аб чым мы чулі ў сённяшнім Евангеллі. Езус прымае хрост ад Яна Хрысціцеля. Яго нябесны Айцец кажа, што Езус – Яго ўмілаваны Сын. Дух Святы ў вобразе голуба з’яўляецца над Езусам.
Трэба заўважыць, што словы нябеснага Айца “Гэта Сын Мой умілаваны” сталіся першым афіцыйным прадстаўленнем Езуса народу Яго нябесным Айцом. Калі свята Трох Каралёў з’яўляецца святам Аб’яўлення Хрыста тром Мудрацам з Усходу, то сённяшняе свята ёсць святам Аб’яўлення не толькі Езуса, але і ўсёй Святой Тройцы сабраным над Ярданам народам.
2. Хрост Езуса ў Ярдане з’яўляецца вельмі важнай падзеяй у Яго жыцці. Найперш – гэта Яго атаясамленне з грэшным чалавекам. Бязгрэшны Езус атрымлівае хрост пакаяння, каб атаясаміцца з грэшным народам.
Благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты ідэнтыфікавала сябе з найбяднейшымі, каб такім чынам лепей ім служыць. Таксама і Сын Божы прыйшоў на гэтую зямлю і ідэнтыфікаваўся з чалавекам, каб яму служыць.
Далей, гэта быў момант пацвярджэння таго, што Езус ёсць Сын Божы, а таксама Яго місіі абвяшчаць Евангелле і збавіць чалавецтва з палону граху.
Па-трэцяе, хрост Езуса стаўся момантам спаслання на Яго Святога Духа, які даў Яму моц абвяшчаць Добрую Навіну і лячыць людзей ад хваробаў цела і душы.
І нарэшце, гэта быў момант распачацця публічнай місіі Езуса, якая была пацверджана Яго нябесным Айцом, які потым заклікаў, каб людзі Яго слухалі.
Такім чынам, хрост Езуса ў Ярдане, падчас якога раскрылася неба, стаўся збаўчай інтэрвенцыяй Бога ў гісторыю чалавецтва.
3. Хрост Езуса таксама з’яўляецца для нас пасланнем. Ён нагадвае нам, кім і чые мы ёсць - а менавіта Божыя, бо ў сакрамэнце хросту мы становімся дзецьмі Божымі і членамі Касцёла, спадчыннікамі неба і святынямі Духа Святога. Дзякуючы хросту мы паміраем для граху і ўваскрасаем для жыцця ў Божай ласцы. Хрост становіцца падмуркам нашага духоўнага жыцця, брамай да жыцця ў Святым Духу, варотамі для доступу да ўсіх сакрамэнтаў.
Калі мы прыходзім у касцёл, то апускаем пальцы ў асвечаную ваду і чынім знак крыжа. Чаму мы так паступаем? Гэты знак нагадвае нам наш хрост. Так паступаючы, мы павінны памятаць аб тым, што мы, адкупленыя крыжовай смерцю і ўваскрасеннем Хрыста, з’яўляемся дзецьмі Божымі.
Хрост Езуса таксама нагадвае нам нашу місію: думкамі, словамі і дзейнасцю пацвярджаць нашу хрысціянскую тоеснасць і годнасць. Гэта азначае, што планы, думкі і клопаты Езуса павінны быць нашымі планамі, думкамі і клопатамі.
Адзін індыйскі аповед распавядае пра тыграня, якое выхоўвалася сярод коз. Яно навучылася бляяць, есці траву і паводзіла сябе, як каза. Аднак здарылася, што дарослы тыгр напаў на статак коз. Тыграня пачало плакаць і крычаць з перапалоху. Стары тыгр закрычаў на яго: “Што ты тут робіш сярод гэтых палахлівых коз?” Ён схапіў тыграня, пацягнуў да сажалкі і сказаў: “Паглядзі, як нашыя твары адлюстроўваюцца ў вадзе. Цяпер ты бачыш, хто ты і чый ты”. Стары тыгр узяў тыграня дадому, навучыў яго лавіць звяроў, есці іх мяса, раўці і паводзіць сябе, як тыгр. Такім чынам малады тыгр адшукаў сваю тоеснаць.
4. Дзякуючы сакрамэнту хросту мы ўключыліся ў Хрыста. Таму сённяшняе свята прыгадвае нам тыя ласкі, якія мы атрымалі ў гэтым сакрамэнце, і заахвочвае жыць паводле яго абяцанняў.
Воды хросту ачысцілі нас з бруду граху. Памазанне алеем хрызмы прыпадобніла нас да Хрыста. Запаленая ад пасхала свечка з’яўляецца сімвалам святла веры. Таму, каб не страціць нашай хрысціянскай тоеснасці, неабходна заўсёды ачышчаццца ад граху ў сакрамэнце паяднання. Неабходна таксама сваім духоўным станам і жыццём ўпадабняцца да Хрыста. А святло веры павінна гарэць у нас так, каб мы маглі ім свяціць у сучасным свеце.
Адзін малады чалавек, які ў свой час быў вельмі здольным студэнтам універсітэта, перастаў вучыцца, захапіўся парнаграфіяй, пачаў весці амаральнае жыццё і такім чынам апусціўся ў маральнае балота. Аднойчы, калі ён адпачываў ва ўніверсітэцкім інтэрнаце, яму падалося, што акно яго пакоя павялічваеца і даходзіць аж да падлогі. А нейкі голас шэпча: “Кінься праз яго на вуліцу”. Малады чалавек спужаўся наступстваў і кардынальна змяніў сваё жыццё, так, што стаў законнікам-трапістам. Гэта вельмі добра вядомы амерыканскі хрысціянскі публіцыст ХХ стагоддзя Томас Мэртан.
Таму сёння, дзякуючы за збаўчы сакрамэнт хросту, які мы атрымалі, просім Цябе, Пане Езу Хрыстэ, захавай нас заўсёды вернымі абяцанням гэтага першага і галоўнага сакрамэнту, каб мы праз сваё транспарэнтнае хрысціянскае жыццё любові, міласэрнасці, служэння іншым і прабачэння эфектыўна ўдзельнічалі ў збаўчай місіі Хрыста і Касцёла і гэтым самым аб’яўлялі Езуса сучаснаму свету. Амэн.
|