«Я люблю ламаць стэрэатыпы»: пра дактарантуру ў свецкай ВНУ распавядае кс. Уладзіслаў Завальнюк | | Друк | |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.01.2015 11:31 |
У студзені заканчваецца не толькі літургічны перыяд Божага Нараджэння, але і сесіі ў студэнтаў. У адным з мінулых матэрыялаў мы ўжо распавядалі, як даецца вучоба ў свецкіх ВНУ святарам і кансэкраваным асобам. Але адна рэч — завочнае аддзяленне бакалаўрыяту, і зусім іншае — аспірантура. Пробашч парафіі Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) у Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк у гутарцы з карэспандэнтам Catholic.by распавядае пра вучобу ў аспірантуры БДПУ імя М. Танка, тэму доктарскай працы і пра тое, як падаваў дакументы ў праваслаўную акадэмію ў Расіі. «Калі я прыйшоў вучыцца, у студэнтаў быў маленькі шок» Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прыгадвае, што перад паступленнем у аспірантуру БДПУ імя М. Танка наведваў адмысловыя падрыхтоўчыя курсы пры ўніверсітэце. Калі ён упершыню зайшоў у аўдыторыю да слухачоў курса, то студэнты былі ў невялікім шоку ад таго, што з імі будзе вучыцца сапраўдны святар. «Даводзілася чуць і пытанні кшталту “чаму Вы не пайшлі ў “свае” ўніверсітэты — тую ж французскую Сарбону”?», — гаворыць пробашч Чырвонага касцёла. «Я люблю ламаць стэрэатыпы, — усміхаецца кс. Завальнюк. — Таму і сваю кандыдацкую дысертацыю я пісаў у свецкай ВНУ. Абарона прайшла паспяхова, сёння я — кандыдат гістарычных навук».
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк прызнаецца, што яго сцяжынка ў навуку магла скласціся і па-іншаму. У свой час, ужо будучы каталіцкім святаром, ён падаваў дакументы ў магістратуру Маскоўскай праваслаўнай духоўнай акадэміі, куды яго з благаслаўленнем накіраваў святой памяці кардынал Юліянс Вайводс. «Маскоўская духоўная акадэмія — вельмі цікавая ўстанова (напрыклад, патрыстыку там выкладаюць езуіты), — дадае святар. — Яна дастаткова вядомая і мае аўтарытэт. Вучоба там была б пэўным выклікам для мяне. Найбольш мяне цікавіў адукацыйны працэс і стасункі з братамі праваслаўнымі».
Гутарыў Ілья Лапато, |