Снежань — не толькі час чакання Божага Нараджэння, але і гарачая пара
для студэнтаў. Як правіла, менавіта ў снежні пачынаюцца студэнцкія
сесіі. Здаюць іх як асобы свецкія, так і навучэнцы духоўных семінарый. А
як адчуваюць сябе святары і манахіні, якія паступілі ў свецкі
ўніверсітэт? Пра сваё студэнцтва ў свецкіх ВНУ узгадваюць кс. Андрэй Зноска, кс. Юрый Санько і с. Антаніна Вайцяшчук SSND. Ксёндз Андрэй Зноска скончыў дзённае аддзяленне юрыдычнага факультэта БДУ. Пра вучобу:
На момант паступлення я ўжо два гады быў вікарыем гродзенскай катэдры. Думкі працягваць адукацыю калі і былі, то нітаваліся збольшага вакол касцёльных навук. Але воля біскупа была такой, што мяне чакаў поўны курс юрыдычнай адукацыі, прычым на дзённым аддзяленні.
У новых умовах я не адразу адчуў сябе камфортна: давялося зноў прывыкаць да лекцый, семінараў, праходзіць практыкі ў органах пракуратуры і суда. Але якраз у гэты час і прыйшла мая цікавасць да юрыдычных навук.
Як высветлілася, мой склад розуму цалкам падыходзіў да юрыспрудэнцыі, а тое, што я быў на 10 гадоў старэйшы за маіх аднагрупнікаў, толькі спрыяла больш удумліваму і асэнсаванаму засваенню матэрыяла.
Памятаю, напрыклад, як пасля лекцый і семінараў па крымінальным праве ў аднаго з выкладчыкаў мы ўсе хацелі стаць суддзямі па крымінальных справах (усміхаецца — заўв. аўт.).
Як успрымалі студэнты:
Факультэт — дастаткова цеснае кола, дзе ўсе адзін аднаго больш-менш ведаюць, прынамсі візуальна. Калі ў гэтым маленькім свеце з’яўляецца нехта настолькі экзатычны, як каталіцкі святар, схавацца ад усеагульнай увагі немагчыма. Для гэтага нават не трэба апранаць сутану.
На заняткі я, як правіла, хадзіў у касцюме з асаблівай кашуляй для святароў, у бібліятэку — як давядзецца, але ў зручным адзенні.
Думаю, адзін толькі выгляд дарослага мужчыны сярод групы ўчарашніх школьнікаў выклікаў у людзей пытанні. Забаўна, але кожны год новыя першакурснікі ў пачатку семестра прапускалі мяне на калідоры, бо прымалі за выкладчыка.
На юрфаку да студэнтаў заўсёды звяртаюцца на «вы» і патрабаванні да ўсіх аднолькавыя. Ніхто нікому не патураў. Розніцы ў стаўленні да сябе з боку выкладчыкаў я не заўважаў, за што вельмі ўдзячны, бо вучыўся я дзеля ведаў, а не дзеля дыплома.
З усмешкай прыгадваю сёння, што больш патрабавальнымі да мяне ў плане вучобы былі аднагрупнікі (усміхаецца — заўв. аўт.). Некаторыя з іх пасля вечарынаў і дыскатэк спадзяваліся на мае адказы падчас ранішніх семінараў, матывуючы тым, што, маўляў, ты клубы не наведваеш, адпаведна, павінен выручаць (усміхаецца — заўв. аўт.).
Сёння мы цудоўна сябруем. Я з радасцю сачу за іх прафесійнымі поспехамі, ды й ёсць з кім параіцца ў юрыдычнай практыцы.
Сястра Антаніна Вайцяшчук SSND з Супольнасці Школьных Сясцёр Нотр-Дам вучыцца на трэцім курсе БДПУ імя М. Танка па спецыяльнасці «Сацыяльны педагог. Практычны псіхолаг» на завочным аддзяленні. Пра вучобу:
Перад паступленнем, як і ўсе, я таксама здавала тэсты: беларускую мову, гісторыю Беларусі і біялогію. Прыходжу, памятаю, у аўдыторыю, і ў людзей такое вялікае здзіўленне (усміхаецца — заўв. аўт.).
А вучыцца мне падабаецца. Нягледзячы на ўзрост, адчуваю вялізнае жаданне пазнаваць новае. Выкладчыкі ставіліся і ставяцца з павагай. Я не першая з законных сясцёр, хто вучыўся ў іх.
Ужо больш за 20 гадоў я працую з дзецьмі. Практыка па спецыяльнасці ёсць. Пацвярджэнне ёй я знаходжу сёння ў тэарэтычных курсах па абранай спецыяльнасці і спалучаю з напрацаваным вопытам.
Як рэагуюць аднагрупнікі:
Спачатку было здзіўленне. У некаторых у вачах стаяў страх: што яна тут робіць?! Аднак большасць выказвала павагу. Я нават адчувала сябе ў нечым аўтарытэтам — людзей захапляла не тое, што я вучуся ў свецкай ВНУ, а тое, што я прысвяціла сваё жыццё служэнню Богу. Цікава, што некаторыя ўспрымалі мяне як праваслаўную манахіню.
Пазней у студэнтаў было чарговае здзіўленне: я валодаю камп’ютарам (усміхаецца — заўв. аўт.). Са мной пачалі часцей размаўляць, цікавіцца рознымі рэчамі — пра мяне, пра рэлігію. Задавалі асабістыя пытанні — больш адкрываліся самі. Паступова зразумелі, што я не такая дзікая і такі ж чалавек, як і яны.
Здзіўленне ўсё ж прысутнічала: я не спісваю, не карыстаюся шпаргалкамі, не прагульваю заняткі. На курсе я адна каталіцкая манахіня. Вядома, на кожны занятак я прыходжу ў хабіце. Усё, сказанае мною, у момант праецыруецца і на Касцёл. Таму адчуваю сваю адказнасць перад Касцёлам і разумею, што без Божай дапамогі — ніяк.
У маёй групе здаралася рознае. Нейкі час спрабавалі мяне скампраметаваць: лаяліся матам у маёй прысутнасці...
Была нават думка кінуць гэту групу і перайсці ў больш адказную і «правільную». Але нездарма ж, відаць, Пан Бог так пакіраваў, што я апынулася менавіта тут. Вырашыла не пераводзіцца і ўспрымаю гэта як выпрабаванне. З усімі цяжкасцямі спраўляюся дзякуючы Божай дапамозе.
Ксёндз Юрый Санько, студэнт 4 курса адразу двух факультэтаў БДУ — юрыдычнага і факультэта перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі БДУ (курс «Сувязі з грамадскасцю»). Пра вучобу: Мяне можна назваць вечным студэнтам (усміхаецца — заўв. аўт.). Спачатку была семінарыя, затым магістратура, ліцэнцыят… Сёння я спалучаю вучобу на двух факультэтах БДУ. Дзякуючы таму, што гэта адзін універсітэт і знаходзіцца ён у Мінску, вучобу мне ўдаецца спалучаць і з пастырскім служэннем.
На факультэце журналістыкі добрая школа для пачынаючых прэс-сакратароў. Для выканання гэтай функцыі (кс. Юрый Санько — в. а. прэс-сакратара ККББ — заўв. аўт.) недастаткова толькі тэалагічнай адукацыі, патрэбна яшчэ і прафесійная. Тое ж і з юрфакам. Служэнне ў Мітрапалітальнай курыі — гэта рэгулярны кантакт з дзяржаўнымі ўладамі і беларускім заканадаўствам, якое трэба ведаць. Таму выбар факультэтаў быў абгрунтаваны.
Найбольш мяне цікавяць практычныя заняткі, бо гэта той матэрыял, які я магу выкарыстоўваць ужо цяпер. Тэорыя, аднак, таксама важная, бо з’яўляецца фундаментам кожнай практыкі.
Як рэагуюць аднакурснікі:
Я ніколі не прыходжу на заняткі ў сутане, бо не хачу, каб мой выгляд выклікаў якоесьці асаблівае да мяне стаўленне. Але ўсе на курсе і без гэтага ведаюць, што я святар (усміхаецца — заўв. аўт.). Некаторыя аднакурснікі падчас заліковых сесій просяць аб малітве. І для мяне, як святара, гэта найлепшая радасць. Вучоба ў свецкім ВНУ — цудоўная магчымасць сведчыць пра хрысціянскае жыццё і непасрэдна пра жыццё святара. Радуе, што на працягу навучання я сустракаю прыязнасць і павагу — людзі паважаюць Каталіцкі Касцёл. А я ў сваю чаргу ганаруся тым, што з'яўляюся студэнтам БДУ. Падрыхтаваў Ілья Лапато
|