Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у свята Ахвяравання Пана: «Мы, як хрысціяне, павінны заўсёды гарэць святлом Евангелля» (+ фотарэпартаж) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.02.2015 21:01

2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. 

У свята Ахвяравання Пана ў літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету (Лк 2, 22-39). Такім чынам ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць (пар. Мц 5, 17).

Ва ўсходняй традыцыі гэтае свята называецца «Стрэчаннем», бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.

У свята Ахвяравання Пана на пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона. Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам, а таксама сімвал Марыі, слугі Пана, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Асвячаныя ў гэты дзень свечкі называюць «грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Панна Марыя прывяла яго душу ў неба. 

 

«Сённяшняе свята – гэта яшчэ адзін доказ таго, што Сын Божы стаўся чалавекам і ў людскім целе прыйшоў у гэты свет. Гэта таксама свята спаткання Старога Запавету, які прадстаўляюць старац Сімяон і прарочыца Ганна, і Новага Запавету, які прадстаўляе Езус з Марыяй і Юзафам. Дэфінітыўна завяршаецца час Старога Запавету і распачынаецца час Новага. Гэта таксама свята веры ў Богаўцелаўленне», — адзначыў у гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Гэтае свята таксама прыпамінае нам, што збаўленне прыйшло праз Марыю. Таму яно, будучы святам Пана, адначасова з’яўляецца і святам Марыі», — дадаў арцыпастыр.

«Сённяшняе свята заклікае нас да таго, каб мы, уключаныя праз хрост у Хрыста, таксама былі святлом у цемры сучаснага секулярнага свету. Гэтым святлом мы будзем тады, калі будзем жыць паводле Божага закону і згодна з духам Евангелля. А як ёсць на самой справе? Часам мы хаваемся ў цемры і пазбягаем святла з-за нашых грахоў і нядобрых чынаў, — заўважыў іерарх. — Але калі нават мы выбіраем цемру, яна не заўсёды застаецца камфортнай для нас. Гэты дыскамфорт нагадвае аб нашай хваробе і такім чынам змушае шукаць святла».

 

«Святло запаленых свечак сімвалізуе святло Хрыста, якое асвятляе цемру. І мы, як хрысціяне, павінны заўсёды гарэць святлом Евангелля і глядзець на свет праз яго прызму, каб асвятліць духоўную цемру сучаснага свету, — адзначыў арцыбіскуп. — Мы таксама павінны памятаць і аб тым, што як свет не прыняў Хрыста, так і нас не прымае. Аб гэтым сведчыць штодзённае жыццё. Яшчэ нядаўна мы перажывалі жорсткі пераслед веры. Цяпер, ва ўмовах свабоды веравызнання, агрэсіўны секулярызм ізноў вырывае веру з душаў людзей аж да такой ступені, што хрысціянства стала найбольш пераследуемай рэлігіяй сучаснасці. Здзяйсняюцца словы Хрыста: «Мяне пераследавалі, і вас будуць пераследаваць». Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены».

 

Поўны тэкст гаміліі>>>

«Калі мы духоўна не падрыхтаваны да спаткання з Езусам, то ніколі Яго не спаткаем, — звярнуў увагу Мітрапаліт. — Гісторыя старца Сімяона і прарочыцы Ганны вучыць нас, што Хрыста мы можам спаткаць у святыні». Арцыпастыр пажадаў вернікам, каб гэтае свята стане для іх «новым імпульсам да ўдзелу ў касцёльных набажэнствах», «каб у іх мы маглі спаткаць Збаўцу».

 

(AG)

Фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2025 Catholic.by