2 лютага 2015 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Езус — святло свету
Дарагія браты і сёстры!
1. Сёння, праз сорак дзён пасля Божага Нараджэння, Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Гэтае свята мае яшчэ некалькі іншых назваў, кожная з якіх прадстаўляе розны яго аспект.
Найперш – гэта свята Ахвяравання Езуса. Гэтая назва бярэцца з факту прынясення Марыяй і Юзафам Немаўлятка Езуса ў Ерузалемскую святыню пасля 40 дзён ад Яго нараджэння, каб Яго ахвяраваць Богу, як гэта было прадугледжана законам Майсея, што кожны першародны сын павінен быў быць ахвяраваны Богу.
У святыні Езуса чакаюць старац Сімяон і прарочыца Ганна. У натоўпе прыбываючых да яе, натхнёныя Святым Духам, яны распазнаюць Збаўцу на руках Марыі. Старац Сімяон бярэ Немаўлятка Езуса на рукі, а прарочыца Ганна глядзіць на Яго.
Таму сённяшняе свята – гэта яшчэ адзін доказ таго, што Сын Божы стаўся чалавекам і ў людскім целе прыйшоў у гэты свет. Гэта таксама свята спаткання Старога Запавету, які прадстаўляюць старац Сімяон і прарочыца Ганна, і Новага Запавету, які прадстаўляе Езус з Марыяй і Юзафам. Дэфінітыўна завяршаецца час Старога Запавету і распачынаецца час Новага. Гэта таксама свята веры ў Богаўцелаўленне.
2. З сустрэчы Езуса са старцам Сімяонам і прарочыцай Ганнай выводзіцца яшчэ адна назва гэтага свята — «Сустрэча Пана». Старац Сімяон атрымаў ад Бога запэўненне ў тым, што не памрэ, пакуль не ўбачыць Збаўцу. І гэтае запэўненне здзейснілася, што мы бачым у яго словах: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у спакоі; бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў: святло для асвятлення язычнікаў і хвалу народа Твайго Ізраэля». Гэтыя словы навечна ўвайшлі ў жыццё Касцёла, які штодзённа выкарыстоўвае іх у малітве Літургіі гадзін у Камплетах, якая прамаўляецца перад начным спачынкам.
3. У часы Езуса людзі верылі, што вызначаны паводле Старога Запавету тэрмін сарака дзён пасля нараджэння дзіцяці быў часам, які пацвярджаў, што ўсе смяротныя небяспекі для дзіцяці і ягонай маці прайшлі. Таму падчас ахвяравання дзіцяці ў святыні яго бацькі дзякавалі Богу за новае жыццё і маліліся аб здароўі для дзіцяці і маці. Таму гэтае свята таксама мае назву «Ачышчэння Марыі», хаця Марыя не патрабавала яго, бо і пасля нараджэння Збаўцы засталася Дзевай і такой мы Яе праслаўляем.
Гэтае свята таксама прыпамінае нам, што збаўленне прыйшло праз Марыю. Таму яно, будучы святам Пана, адначасова з’яўляецца і святам Марыі.
4. Тут мы пераходзім да чацвёртай назвы гэтага свята – свята Маці Божай грамнічнай, ці грамніцы. Яно бярэ сваю назву ад асвячэння свечак, якія называюцца грамнічнымі.
Свечка азначае святло, якім Езуса назваў старац Сімяон. Слова «грамніцы» паходзіць ад даверу людзей да Божай Маці, якая сцеражэ ад розных бедаў, у тым ліку і ад маланкі, якая ў былыя часы была вельмі небяспечнай. Цяпер мы выкарыстоўваем маланкаадводы, каб падчас буры ад маланкі не загарэўся дом.
5. Сённяшняе свята заклікае нас да таго, каб мы, уключаныя праз хрост у Хрыста, таксама былі святлом у цемры сучаснага секулярнага свету. Гэтым святлом мы будзем тады, калі будзем жыць паводле Божага закону і згодна з духам Евангелля.
А як ёсць на самой справе? Часам мы хаваемся ў цемры і пазбягаем святла з-за нашых грахоў і нядобрых чынаў. Мы не жадаем упусціць Божую праўду ў наша жыццё і не хочам, каб іншыя ведалі пра Яго. Таму замест таго, каб жыць у святле, мы выбіраем цемру. Мы кажам сабе, што цемра схавае нас. Усё гэта вядзе да таго, што мы становімся сляпымі адносна саміх сябе, губляем сэнс і напрамак жыцця.
Але калі нават мы выбіраем цемру, яна не заўсёды застаецца камфортнай для нас. Гэты дыскамфорт нагадвае аб нашай хваробе і такім чынам змушае шукаць святла. Калі ў нас штосьці баліць, гэта знак таго, што мы захварэлі, і тады мы ідзём да ўрача, які ў пэўным сэнсе для нас з’яўляецца святлом, бо выводзіць з цемры хваробы.
Святло запаленых свечак сімвалізуе святло Хрыста, якое асвятляе цемру. І мы, як хрысціяне, павінны заўсёды гарэць святлом Евангелля і глядзець на свет праз яго прызму, каб асвятліць духоўную цемру сучаснага свету.
Мы таксама павінны памятаць і аб тым, што як свет не прыняў Хрыста, так і нас не прымае. Аб гэтым сведчыць штодзённае жыццё. Яшчэ нядаўна мы перажывалі жорсткі пераслед веры. Цяпер, ва ўмовах свабоды веравызнання, агрэсіўны секулярызм ізноў вырывае веру з душаў людзей аж да такой ступені, што хрысціянства стала найбольш пераследуемай рэлігіяй сучаснасці. Здзяйсняюцца словы Хрыста: «Мяне пераследавалі, і вас будуць пераследаваць». Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
Мы таксама павінны быць хвалой нашага народа. Яго хвала – гэта не толькі мінулая гісторыя, культура, сакральныя збудаванні, помнікі архітэтуры, мова і г.д. Гэтай хвалой таксама павінна быць і сучаснасць. Наш народ і краіна павінны быць вядомы не толькі МАЗамі, БЕЛАЗамі, трактарамі «Беларусь» і інш., але перад усім сумленнымі, жывучымі паводле Божага закону людзьмі.
6. Якую выснову мы можам зрабіць з гэтага свята? Што сёння мы можам ахвяраваць Богу, які жыве ў Касцёле? Якім было наша жыццё ў апошнія 40 дзён? Мы адсвяткавалі Божае Нараджэнне, Новы год, а некаторыя нават і стары Новы год.
Але якім было гэтае святкаванне? Ці стараліся мы ўдасканальвацца ў духоўным жыцці і адмаўляліся ад злых звычак? А можа, яны дамінавалі ў нашым жыцці? Ці давалі мы іншым добры хрысціянскі прыклад і сведчанне? Ці дзякавалі Богу за ўсё тое, што атрымалі ад Яго? Ці змянілі стыль нашага жыцця?
Якім бы ні быў адказ на гэтыя і падобныя пытанні, адно ясна, што калі мы духоўна не падрыхтаваны да спаткання з Езусам, то ніколі Яго не спаткаем. Гісторыя старца Сімяона і прарочыцы Ганны вучыць нас, што Хрыста мы можам спаткаць у святыні. Няхай жа сённяшняе свята стане для нас новым імпульсам да ўдзелу ў касцёльных набажэнствах, каб у іх мы маглі спаткаць Збаўцу, які ёсць нашай дарогай, праўдай і жыццём. Амэн.
|