«У духоўнай цемры свайго часу адкрыў людзям святло веры»: 100-годдзе смерці кс. Яўстахія Карповіча адзначылі ў Ракаве (+фота) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.12.2015 16:41

6 снежня ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве адзначылі 100-годдзе смерці ксяндза Яўстахія Карповіча, які служыў у гэтай парафіі з 1883 па 1915 год. Урачыстасці ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ксёндз Яўстахій Карповіч перажыў цяжкія часы пераследу Каталіцкага Касцёла з боку расійскіх уладаў, калі не хапала святароў для працы з вернікамі. Святар ахвярна выконваў свае пастырскія абавязкі, людзі ставіліся да яго з вялікай павагай і, нягледзячы на пераслед, засталіся вернымі Хрысту ў Каталіцкім Касцёле. Ксёндз Яўстахій Карповіч адзначаўся глыбокай верай, а таксама любоўю да сваёй Айчыны і народа.

У 1896 г. ксёндз Яўстахій Карповіч пачаў і давёў да канца працы па пабудове парафіяльнага дома, які і сёння служыць для арганізацыі лепшага душпастырства ў парафіі. У 1904 годзе святар пачаў і за два гады завяршыў будаўніцтва сённяшняга касцёла ў Ракаве.


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падчас Імшы, кажучы пра тое, што ў гэты дзень у каталіцкіх святынях запальваецца другая адвэнтавая свечка, адзначыў: «Гэта сімвал таго, аб чым нагадваюць нам сённяшнія чытанні, — а менавіта што мы становімся ўсё бліжэй да свята святла, якім з’яўляецца Божае Нараджэнне».

Іерарх дадаў, што Адвэнт «з’яўляецца часам надзеі, а надзея ёсць вельмі важнай хрысціянскай цнотай». «Мы маем надзею, бо верым у Бога, які адорвае нас святлом у цемры зямнога жыцця і абяцае вечнае жыццё, нягледзячы на тое, што на зямлі існуе смерць», — падкрэсліў арцыпастыр.

Разважаючы над другім чытаннем з Паслання св. апостала Паўла да Філіпянаў, напісанага апосталам у вязніцы, арцыбіскуп заўважыў, што гэтае пасланне «вучыць, што нават у найбольш складаных і цяжкіх жыццёвых сітуацыях можна і трэба жыць надзеяй», «неабходна чуваць і шукаць дабра».

«Святлом свайго Евангелля Хрыстус асвятляе наш жыццёвы шлях і дае надзею на вечнае жыццё. Таму мы, падобна святому Яну Хрысціцелю, пакліканы быць людзьмі надзеі і галасамі клічучых у секулярнай пустыні нашага часу», — дадаў Мітрапаліт.

Па словах іерарха, «такім голасам у пустыні свайго часу быў ксёндз Яўстахій Карповіч»: на пачатку ХХ стагоддзя ён пачаў будаўніцтва гэтага касцёла, «бо хацеў вывесці людзей з духоўнай цемры, хацеў, каб людзі мелі месца, дзе свеціць сонца Евангелля».


Глыбока сімвалічным Мітрапаліт назваў тое, што кс. Яўстахій памёр у Адвэнт, калі «рыхтаваў людзей да святаў Божага Нараджэння і да спаткання з Хрыстом у вечнасці».

«Ён упісаўся ў гісторыю Касцёла на нашых землях і гісторыю Ракава, як чалавек сапраўды вялікі, аб якім мы памятаем і якога з удзячнасцю праслаўляем, бо ён у духоўнай цемры свайго часу адкрыў людзям святло веры, якое праз дзейнасць пабудаванага ім касцёла свеціць і сёння», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як падкрэсліў Мітрапаліт, «ксёндз Яўстахій выхаваў тут людзей, якія не адмовіліся ад сваёй веры». «Вера, гісторыя і мова – якасці нязменныя і каштоўныя ва ўсе часы. У нашым мястэчку ўмеюць цаніць іх. Найбольшы знак дзейнасці кс. Яўстахія Карповіча – у душах людзей», – пагадзіўся пробашч парафіі ў Ракаве кс. Дзмітрый Барыла. У самыя цяжкія моманты пробашч звяртаўся з малітвай па дапамогу да сваіх слынных папярэднікаў – кс. Яўстахія Карповіча і кс. Яна Такарскага.

Хаця касцёл у Ракаве зведаў за сваю гісторыю розныя нягоды, але заўсёды быў сімвалам веры для мясцовага насельніцтва, і сёння, адроджаны, з’яўляецца цэнтрам прыцягнення католікаў з самых розных куткоў Беларусі і свету. Сюды прыязджаюць памаліцца нават з Амерыкі і Венесуэлы. На юбілей асвячэння касцёла ў Ракаве, які будзе адзначацца ў 2016 годзе, плануецца сабраць нашчадкаў тых, хто паспрыяў яго стварэнню. Ідэю ўхвалілі і госці свята, у тым ліку прадстаўнікі пасольства Рэспублікі Польшча.

Сёлета парафія ў Ракаве распачала шэраг аплатковых сустрэч. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і Душпастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Раман Факсінскі падзяліліся аплаткамі з дзецьмі і дарослымі і благаславілі прысутных на плённую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння.

Пасля Імшы адбылася малітва на парафіяльных могілках каля магілы кс. Яўстахія Карповіча.


(AG), Таццяна Сівец

 
© 2003-2025 Catholic.by