Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Другую нядзелю Адвэнту, Год С

Ракаў, 6 снежня 2015 г.

Святло пасля цемры

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Зараз, у пачатку зімы, мы перажываем найбольш цёмны час. Раніцай доўга не світае, вечарам сонца заходзіць вельмі хутка і наступае цёмны вечар. У такой сітуацыі мы ацэньваем святло як нейкую прэмію для нас і чакаем, калі светлавы дзень будзе даўжэйшым, хаця перад намі яшчэ два тыдні, калі ён будзе памяншацца.

У гэтай цемры, якая з кожным днём становіцца ўсё глыбейшай, сёння мы запалілі другую адвэнтавую свечку. Святло ўжо дзвюх свечак азначае, што хаця дні і будуць скарачацца, але адвэнтавы вянок становіцца ўсё больш асветленым.

Гэта сімвал таго, аб чым нагадваюць нам сённяшнія чытанні, - а менавіта што мы становімся ўсё бліжэй да свята святла, якім з’яўляецца Божае Нараджэнне. Гэта тое свята, калі мы адзначаем прыйсце ў свет Езуса, які сказаў пра сябе: “Я святло свету, і хто пойдзе за Мной, ніколі не будзе хадзіць у цемры”. Святы апостал Ян у сваім першым пасланні кажа, што Бог ёсць святло і любоў. Менавіта дзякуючы таямніцы Богаўцелаўлення святло Божай любові нас асвятліла.

2. У першым сённяшнім чытанні прарок Барух заглядвае наперад у часы, калі Бог у міласэрнасці і справядлівасці будзе з радасцю весці свой народ да святла славы сваёй. Гэты дзень заяснеў у хвіліну нараджэння Хрыста. Таму ў Адвэнт мы з нецярпеннем і адначасова з радасцю чакаем святаў узыходу незаходзячага сонца, якім ёсць Езус Хрыстус. Гэтае сонца ўжо 2000 гадоў свеціць над намі і асвятляе наш жыццёвы шлях.

Таму Адвэнт з’яўляецца часам надзеі, а надзея ёсць вельмі важнай хрысціянскай цнотай. Нездарма прыказка кажа, што надзея памірае апошняй. Надзея большая за аптымізм. Мы можам быць аптымістамі ў кожнай справе, але аб’ектам надзеі ёсць Бог. Надзея ўкаранёна ў веры. Як веруючыя, мы маем надзею. Маем, бо верым у Бога, які адорвае нас святлом у цемры зямнога жыцця і абяцае вечнае жыццё, нягледзячы на тое, што на зямлі існуе смерць.

Дзеці звычайна баяцца цемры. Нам, як дзецям Божым, у жыццёвай цемры таксама патрэбна надзея. Падобна таму, як мы цяпер перажываем цёмныя дні, нашы часы не з’яўляюцца светлымі, у іх усё больш трывогі і цемры. Аб гэтым нагадваюць перадусім нядаўнія тэрарыстычныя акты ў розных кутках свету, у тым ліку і ў багатай і яшчэ зусім нядаўна спакойнай Еўропе. Таму ў гэтым сэнсе сёлетні Адвэнт, як час надзеі, з’яўляецца вельмі сваечасовым.

3. Сённяшняе другое чытанне з Паслання св. апостала Паўла да Філіпянаў было напісана Апосталам народаў у яго вельмі складанай жыццёвай сітуацыі – у цемры рымскай вязніцы. З паслання можна зрабіць выснову, што ён не быў упэўнены, ці выйдзе з яе жывым. Але ў той жа час яго пасланне поўнае надзеі. Яно нас вучыць аб тым, што нават у найбольш складаных і цяжкіх жыццёвых сітуацыях можна і трэба жыць надзеяй. У гэтым пасланні святы Павел глядзіць на жыццё вачыма надзеі і заахвочвае нас да таго ж самага. А для гэтага неабходна чуваць і шукаць дабра, быць чуйным на дабро.

4. Да гэтага заклікае нас і адвэнтавы пратаганіст святы Ян Хрысціцель. Чувайце і навяртайцеся, - кажа ён нам. Падрыхтуйце дарогу прыходзячаму Збаўцу. Голас святога Яна Хрысціцеля – гэта голас надзеі, бо Збаўца прыходзіць з пустыні, дзе надзеі няма альбо яна знікае.

Нам неабходна памятаць, што Хрыстус заўсёды прысутны ў пустыні нашага жыцця. Святлом свайго Евангелля Ён асвятляе наш жыццёвы шлях і дае надзею на вечнае жыццё. Таму мы, падобна святому Яну Хрысціцелю, пакліканы быць людзьмі надзеі і галасамі клічучых у секулярнай пустыні нашага часу.

5. Такім голасам у пустыні свайго часу быў будаўнік ракаўскага касцёла Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка святой памяці ксёндз Яўстахій Карповіч, 100-годдзе смерці якога мы сёння адзначаем. На пачатку ХХ стагоддзя ён з прысутнай яму энергіяй распачаў будаўніцтва гэтага касцёла, бо хацеў вывесці людзей з духоўнай цемры, хацеў, каб людзі мелі месца, дзе свеціць сонца Евангелля, дзе Божая ласка ў сакрамэнтах умацоўвае іх духоўна, дзе яны атрымліваюць надзею, нават насуперак надзеі.

І так сталася, у жывапісным Ракаве паўстаў новы, вялікі і прыгожы касцёл, які стаў аазісам духоўнага жыцця для мясцовых жыхароў. Нават у часы атэізму і ганенняў на веру, калі касцёл быў ператвораны ў сховішча для збожжа, яго высокія вежы прамаўлялі. Кожны, хто ехаў гродзенскай трасай, бачачы іх, задумваўся аб сваім вечным прызначэнні. Сёння, дзякуй Богу, усё вярнулася на сваё месца і збудаваны кс. Яўстахіем Карповічам касцёл ізноў стаў месцам спаткання чалавека з Богам, месцам нараджэння Хрыста ў Эўхарыстыі, месцам духоўнага адраджэння чалавека праз Святое Пісанне і Божую ласку, якую ён атрымлівае ў сакрамэнтах.

6. Глыбока сімвалічна, што кс. Яўстахій памёр у Адвэнт, калі рыхтаваў людзей да святаў Божага Нараджэння і да спаткання з Хрыстом у вечнасці.

Сёння мы, ягоныя патомкі, ад усяго сэрца кажам яму вялікі дзякуй. Дзякуй як будаўніку гэтага прыгожага касцёла і дзякуй як святару, праз якога дзейнічае сам Хрыстус. Ён пакінуў пасля сябе гэты Божы дом, як рукатворны помнік з цэглы. Але пакінуў і нерукатворны помнік, а менавіта Божы народ, які вытрываў доўгі час ганенняў на Касцёл, захаваў веру і перадаў яе новым пакаленням. Мы з’яўляемся нашчадкамі тых, каго ён вучыў праўдам веры, з кім будаваў цагляны і жывы Касцёл.

7. Гісторыя паказвае, што Бог умее добра смяяцца. Рымскі імператар Нерон быў упэўнены ў тым, што найбольш важнымі з’яўляюцца загады, якія ён падпісваў, закон, які ён устанаўліваў, і справы, якія ён рабіў. На самой справе найбольш важным былі малітвы хрысціян, якіх імператар пераследаваў. У часы Рэнесансу найбольш важным у Еўропе лічыўся род Медычы з яго палацамі, мастацкімі галерэямі і палітычнымі ўплывамі. Але яны засталіся ў ценю маленькага хлопчыка, які любіў гуляць у порце Генуі і які потым адкрыў Амерыку, - Хрыстафора Калумба.

Падобна было і ў часы святога Яна Хрысціцеля. Тады цар Ірад лічыўся найважнейшым і ад яго залежалі лёсы многіх людзей. Падобнае было і з лідарамі нацызму і камунізму. Яны, зрэшты ненавідзячы адзін аднаго, імкнуліся  завалодаць светам. Дзе ўсе гэтыя валадары? Засталіся толькі на старонках гісторыі і на паліцах бібліятэк. А святы Ян Хрысціцель, адвэнтавы пратаганіст, сапраўды вялікі і знаходзіцца ў нябеснай славе.

Сёння, успамінаючы кс. Яўстахія Карповіча, трэба сказаць, што ён упісаўся ў гісторыю Касцёла на нашых землях і гісторыю Ракава, як чалавек сапраўды вялікі, аб якім мы памятаем і якога з удзячнасцю праслаўляем, бо ён у духоўнай цемры свайго часу адкрыў людзям святло веры, якое праз дзейнасць пабудаванага ім касцёла свеціць і сёння.

8. Праз два дні, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, пачнецца Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці. З удзячнасцю ксяндзу Яўстахію Карповічу даверым яго міласэрнаму Богу. Няхай Ён у сваёй дабрыні прыме нашы малітвы і ўдзячную памяць. Падобна таму, як гэты святар у дні свайго жыцця вёў людзей да Бога, так няхай Пан увядзе яго ў вечную радасць свайго Валадарства, каб з дому нашага нябеснага Айца ксёндз Яўстахій нас благаславіў. Амэн.

Адноўлена 06.12.2015 16:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі