У мінскім Чырвоным касцёле памаліліся за кс. Ігара Лашука, які адзначыў сваё 50-годдзе | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.04.2016 12:51

31 сакавіка ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску цэлебравалася святая Імша ў інтэнцыі ксяндза-юбіляра Ігара Лашука. Памаліцца і павіншаваць святара прыйшлі яго парафіяне, сябры, родныя і знаёмыя.

Святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

У гаміліі падчас святой Імшы іерарх нагадаў пра вялікія заслугі юбіляра, асабліва падкрэсліўшы справу будаўніцтва новых святыняў.

«Нягледзячы на тое, што пабудова новага касцёла — гэта вельмі няпростая справа для святара, ксёндз Ігар заўсёды адгукаецца на новыя прапановы», — заўважыў біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх яшчэ раз узгадаў асноўныя моманты біяграфіі кс. Ігара Лашука і дадаў, што святар зрабіў вельмі шмат у справе адраджэння веры на беларускіх землях.

Сам імяніннік — святар-будаўнік і душпастыр — напрыканцы Імшы не мог стрымаць слёз радасці. Расчулены, ён падзякаваў усім прысутным за малітву і пачаў прымаць віншаванні.

Юбіляра павіншавалі яго родныя, блізкія, парафіяне, прадстаўнікі касцёльных супольнасцяў, прадстаўнікі выдавецтва «Pro Christo» і салезіянская моладзь.

З біяграфіяй юбіляра можна пазнаёміцца па спасылцы.

Марына Валасар,
Фота Віталія Палінеўскага

 
© 2003-2025 Catholic.by