Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Юбілей адзначае ксёндз Ігар Лашук
Анонсы
28.03.2016 12:53

Сёлета адзначае «залаты» юбілей кс. Ігар Лашук, якога называюць «святаром-будаўніком». Святочныя Імшы з нагоды юбілею пройдуць 31 сакавіка ў 19.00 у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены і 2 красавіка ў 12.00 у парафіі ў в. Багданава (Валожынскі р-н Мінскай вобл.).

Ксёндз Ігар Лашук нарадзіўся 30 сакавіка 1966 года ў в. Макашы Нясвіжскага раёна.

Вучыўся ў Рыжскай духоўнай семінарыі (Латвія), Вышэйшай духоўнай салезіянскай семінарыі ў Лёндзе (Польшча). У 1993 г. скончыў духоўную семінарыю і завочна акадэмію каталіцкай тэалогіі (Варшава) з тытулам магістра святой тэалогіі. У 1994–1996 гадах вучыўся ў Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме па спецыяльнасці дагматычная тэалогія.

У 1990 годзе выдаў першы пасля Другой сусветнай вайны «Кароткі Катэхізм для беларусаў-католікаў» на беларускай мове. Таксама апрацаваў і выдаў катэхізм на беларускай мове «Прыйдзі, Езу».

Ксёндз Ігар Лашук вызначыўся сваёй працай па стварэнні каталіцкіх парафій і вяртанні шэрагу храмаў вернікам.



У 1988–1989 годзе заснаваў парафію Свв. Пятра і Паўла ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна, арганізаваў вяртанне касцёла і парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў п. Сноў Нясвіжскага раёна.

Служыў вікарыем у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. Там заснаваў парафію Св. Яна Боско ў пасёлку Маладзёжным (назва парафіі пазней была зменена).

У Мінску заснаваў парафіі Святога Духа і Божага Цела.

У 1996 г. быў прызначаны пробашчам парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка) ў Мінску. Пры ім пачалося будаўніцтва касцёла ў Мінску (упершыню за 100 гадоў).

Таксама кс. Ігар Лашук быў ініцыятарам заснавання парафіі ў м-не на вул. Рыбіноўскага, заснаваў грэка-каталіцкую парафію Св. Язафата Кунцэвіча.

З 1998 па 2005 г. з’яўляўся выкладчыкам дагматычнай тэалогіі ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах. З таго ж часу абслугоўвае парафію Св. Мацвея ў Раўбічах (Мінскі р-н).

З 2001 па 2013 г. у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску быў выкладчыкам гісторыі Касцёла, затым метадалогіі навук.

З 2015 г. выкладае дагматычную тэалогію ў Тэалагічным каледжы ў Мінску.

У 2001 г. заснаваў парафію Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах (Мінскі р-н) і быў яе першым пробашчам.

У 2001–2003 гг. выконваў абавязкі пробашча парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску (м-н Лошыца).

У 2004 г. заснаваў парафію Святога Духа ў Мінску (м-н Чыжоўка).

У 2005 г. заснаваў парафію Божага Цела ў Мінску (м-н Ангарская).

З кастрычніка 2008 па 2013 г. ўваходзіў у склад Святарскай рады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзыі

Зараз кс. Ігар Лашук — пробашч парафіі ў Багданаве (Валожынскі р-н Мінскай вобл.) і парафіі Святога Яна Паўла ІІ (м-н Дружба ў Мінску).

На святочныя Імшы з нагоды юбілею святара запрашаюцца ўсе жадаючыя.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.