Пасхальная вігілія ў Пінску: няхай паўставанне з мёртвых да Божага жыцця адбываецца ў нас нястомна | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
31.03.2013 00:47

«Як Бог праз Майсея вывеў народ з егіпецкай няволі, той жа Бог праз свайго Сына вывеў з няволі граху ўжо не толькі адзін народ, але ўсіх людзей. Адкупленне было здзейснена праз пасхальную таямніцу Хрыста — муку, смерць і змёртвыхпаўстанне», — падкрэсліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў Пасхальную вігілію. Увечары 30 сакавіка іерарх узначаліў літургію ў пінскім катэдральным касцёле.

У святой Імшы ўдзельнічала духавенства, кансэкраваныя асобы, навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага, вялікая колькасць свецкіх вернікаў.

Узгадваючы пра біблейскія чытанні, якія прагучалі падчас літургіі і ў якіх было прадстаўлена стварэнне свету, біскуп адзначыў: «У гэты важны дзень, калі прыступаем да таго, каб праслаўляць Уваскрослага Хрыста, Бог нам нагадвае, што свет, у якім жывём, не паходзіць ад людзей, не ўзнік з нічога, але быў створаны Богам». «Чалавек не мае поўнай улады над светам таму, што ён не з’яўляецца яго створцам. Ён можа яго толькі да пэўнай ступені змяняць, пераўтвараць, але Панам сусвету заўсёды застаецца Бог», — дадаў іерарх.

Сёння, працягваў пінскі ардынарый, Касцёл «прыпамінае і тое, што чалавек таксама мае свой пачатак у Богу — не толькі той першы, райскі чалавек, але і кожны жыхар Зямлі, кожны з нас, жыве дзякуючы Богу». «Нас магло не быць. Але калі мы ёсць, то таму, што ёсць Бог, які з любові паклікаў нас да жыцця. Як гэта важна і велічна», — падкрэсліў біскуп.

У сённяшні чытанні Божага слова, звярнуў увагу іерарх, Бог паказаны не толькі як Створца свету і чалавека, але таксама як Збаўца і Адкупіцель: «Ізраэліты былі вызвалены з няволі фараона. Гэта збаўчае здарэнне, якое датычыць Выбранага народа, было прадказаннем той падзеі, якую здзейсніў Хрыстус. Так, як Бог праз Майсея вывеў народ з егіпецкай няволі, той жа Бог праз свайго Сына вывеў з няволі граху ўжо не толькі адзін народ, але ўсіх людзей».

Па словах біскупа Антонія Дзям’янкі, «будучы ахрышчанымі, мы ўжо маем удзел у Змёртвыхпаўстанні Езуса Хрыста». «Ці цэнім мы дар святога хросту, ці клапоцімся, каб былі ахрышчаныя дзеці нашых родных, знаёмых?» — прапанаваў задумацца іерарх вернікам.

Поўны тэкст гаміліі біскупа>>>

«Няхай гэты працэс пастаяннага памірання для граху і пастаяннага паўставання з мёртвых да Божага жыцця адбываецца ў нас нястомна», — такое пажаданне пакінуў пінскі ардынарый удзельнікам літургіі.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by