Мінск: «Лыжня» для падлеткаў стала выхаваўчым момантам для моладзі і дарослых | Друк |
Грамадства
27.02.2012 18:10

27 лютага 2012 г. у Мінску адбыліся лыжныя гонкі для падлеткаў Першамайскага раёна. Акцыя стартавала ўпершыню, і яе ініцыятарамі выступілі каталіцкая Моладзевая місія «Чыстае сэрца» і Першамайскае РУУС.

Галоўная мэта акцыі — агарнуць моладзь пазітыўнай атмасферай, дабром, цеплынёю, паказаць, што час можна праводзіць з карысцю. Была і яшчэ адна мэта гэтай лыжні — паказаць дарослым, што моладзь патрабуе падтрымкі, разумення і павагі. Важнаю для моладзі з’яўляецца прысутнасць дарослых у іх жыцці, і прысутнасць неабыякавая, мудрая і поўная любові.

Кожны ўдзельнік лыжні быў адзначаны граматай. Пераможцы атрымалі добрыя прызы.

Прысутны на лыжні кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі падзякаваў моладзі за ўдзел і адзначыў радасную атмасферу, якая панавала падчас спаборніцтваў. Гледзячы на задаволеных удзельнікаў, святар сказаў: «Хіба Бог не ёсць любоў?»

Арганізацыйныя моманты ўзялі на сябе прадстаўнікі Першамайскага РУУС і Упраўлення адукацыі Першамайскага раёна.

Арганізатары выказалі надзею, што «лыжня» будзе мець будучыню, і ў такіх добрых спаборніцтвах будзе заўважана яшчэ не адно маладое сэрца, якое па сваёй прыродзе хоча быць добрым.

 
© 2003-2024 Catholic.by