Лекцыю пра маральны бок транспланталогіі ў медыцынскім універсітэце Віцебска прачытаў грэка-каталіцкі святар | Друк |
Грамадства
30.01.2015 10:49

Грэка-каталіцкі святар Дзмітрый Грышан, які ўзначальвае парафію ў Віцебску, быў запрошаны на факультэт постдыпломнай адукацыі ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лекцыю па транспланталогіі для выкладання пытанняў маральных і духоўных аспектаў.

Спачатку святар сустрэўся з прафесарам і куратарам дысцыпліны Анатолем Шчасным і выступіў перад курсантамі, якія прыехалі да віцебскіх навукоўцаў з розных гарадоў Беларусі.

Сваю лекцыю айцец Дзміцер Грышан пачаў цытатай з кнігі прымудрасці Сіраха пра ўрача і ўрачаванне. Святар засяродзіў таксама ўвагу на асноўных дакументах Касцёла  якія  акрэсліваюць духоўныя аспекты трансплантацыі органаў  і  тканяў, — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, энцыкліка Святога Яна  Паўла II «Evangelia Vitae», «Хартыя працаўнікоў  аховы  здароўя», прапанаваная Папскім Саветам па апецы працаўнікоў службы здароўя, а таксама «Заява Папскай Акадэміі навук».


Вельмі шмат этычных, медыцынскіх і тэалагічных пытанняў было агучана падчас лекцыі. У якасці прыклада прафесійнага і духоўнага ўзрастання ўрача-трансплантолага святар прывёў мастацкі фільм рэжысёра Лукаша Палькоўскага па сцэнарыю Кшыштафа Ракі «Богі» (2014г.), які распавядае пра першую трансплантацыю сэрца ў Польшчы доктарам Збігневам Рэлігам ў 1985 годзе. Гэты ж фільм быў паказаны на лекцыі.

Працягам абмеркавання пытанняў транспланталогіі стане ХІ медыцынская канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце», якая пройдзе ў Віцебску ў маі бягучага года.

Людміла Ярмолава
Фота Барбары Сіпайла

 
© 2003-2024 Catholic.by