Прадстаўнік Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прыняў удзел у круглым стале ў межах канферэнцыі «Рэлігія і/або штодзённасць» | Друк |
Грамадства
17.04.2015 20:33

Інстытут тэалогіі імя свв. Мятода і Кірылы БДУ пры падтрымцы Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя свв. Мятода і Кірыла (Беларусь), Праваслаўнага Свята-Ціханаўскага гуманітарнага ўніверсітэта (Расія), Моладзевай арганізацыі рэлігіязнаўцаў (Украіна), рэдакцыі часопіса «Рэлігіязнаўчыя даследаванні», партала «Рэлігійнае жыццё» и Незалежнага навукова-даследчага цэнтра 16-18 красавіка праводзіць міжнародную навуковую канферэнцыю «Рэлігія і/або штодзённасць».

Як адзначаюць арганізатары, з сярэдзіны ХХ ст. у сацыяльна-гуманітарных навуках узнікае цікавасць да феномену штодзённасці. Штодзённасць – непарыўны шэраг падзей чалавечага жыцця, руцінных у асноўнай сваёй масе, - часам радыкальна змяняе свой ход пад уплывам выключных прэцэдэнтаў. Адной з прычын разломаў штодзённасці аказваецца рэлігія, але яна ж служыць і асновай устойлівага цячэння жыцця.

Канферэнцыя ставіць на парадак дня пытанні суадносінаў рэлігіі і штодзённасці, падыходы, канцэпцыі і метады іх разгляду.

У межах канферэнцыі 17 красавіка быў арганізаваны круглы стол «Рэлігія і школа» з удзелам аўтарытэтных навукоўцаў-экспертаў па навучанні рэлігіі ў школах Еўропы. Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію прадставіў кс. ліц. Аляксандр Яшэўскі SDB.

Падчас круглага стала былі закрануты такія тэмы, як розніца паміж свецкім і рэлігійным (канфесійным) падыходам да выкладання ведаў аб рэлігіі ў школе, навучанне ведам аб рэлігіі ў свецкіх школах: традыцыі і практыка ў свеце, у Еўропе, у краінах СНД, грамадская патрэба ў школьных ведах аб рэлігіі: дадзеныя і іх параўнанне па краінах. Што датычыцца тэмы тэалагічнай адукацыі, то, як было заўважана, яна сёння сутыкаецца з новымі выклікамі не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў іншых краінах, дзе мае шматвяковую непарыўную традыцыю. Калі ў выпадку постсавецкіх краін гаворка ідзе пра праблемы і пераспектывы станаўлення тэалагічнай адукацыі, то ў выпадку традыцый, якія працягваюцца, - аб яе глыбокім крызісе. У сувязі з гэтым абмеркаванне стану і перспектываў тэалагічнай адукацыі становіцца вельмі актуальным.

Ксёндз Аляксандр Яшэўскі падзякаваў ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча арганізатарам за запрашэнне і за абмеркаванне такой актуальнай і вельмі важнай для інтэграванага грамадства тэмы, а таксама выразіў надзею, што і ў Беларусі выкладанне рэлігіі ў школе змогуць праводзіць усе рэлігійныя канфесіі.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by