Інклюзіўны фестываль творчасці дзяцей і моладзі «Фарбы жыцця» прайшоў у Мінску | Друк |
Грамадства
22.03.2016 18:12

«Жыццё даецца, каб жыццё тварыць» — гэта дэвіз міжнароднага фестываля творчасці дзяцей і моладзі «Фарбы жыцця», які 21 сакавіка прайшоў у Беларускім дзяржаўным тэатры юнага гледача.

На адной сцэне ў гэты дзень раўнапраўна выступалі дзеці з абмежаванымі магчымасцямі і без іх.

Свае таленты ў Мінск прыехала паказаць больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі.

Фестываль такога маштабу ўпершыню праводзіцца ў Беларусі і арганізоўваецца ў межах праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю». Галоўная мэта такіх праектаў — сфарміраваць пазітыўныя адносіны грамадства да людзей з інваліднасцю.

Арганізатарамі фестываля выступілі ГА «БелАДДІіМІ» і ПУП «Студыя Мультыкс» пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

«Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць такія фестывалі кожны год, і кожны раз яны набываюць нейкія новыя фарбы і абрысы. Я думаю, што нашае мерапрыемства стане сапраўды яркай зоркай», — прывітала гледачоў і артыстаў старшыня ГА «БелАДДІіМІ» Алена Цітова.

Падтрымаць дзяцей і моладзь з абмежаванымі магчымасцямі на фестываль прыйшлі таксама зоркі беларускай эстрады: Аляксандр Патліс, Георгій Калдун, Алена Ланская, Тэа, Зінаіда Купрыяновіч, Дарыя; шматлікія культурныя і грамадскія дзеячы Беларусі, сярод якіх мастак Уладзіслаў Мароз, рэжысёр Ігар Волчэк, дырэктар школы анімацыі Кацярына Гатура, арганізатары сацыяльнага дабрачыннага праекта «СУПЕР ПУПЕР ДЗЕЦІ» і многія іншыя. 

Наведала фестываль таксама жонка пасла Палесціны ў Беларусі Хулуд Арыкат, якая ўручыла ўдзельнікам спецыяльныя прызы.

Канцэрт вяла вядомая тэле- і радыёвядучая Тамара Лісіцкая, якая прызналася, што для яе быць вядучай такіх мерапрыемстваў стала звычайнай справай.

«Я адчуваю сваю адказнасць і вялікае задавальненне, таму што артысты вельмі таленавітыя і цёплыя. Пасля кожнага канцэрту я “адыходжу” некалькі дзён, таму што тое, што яны робяць — гэта цуд», — заўважыла вядучая.

«Патрэбна больш прэсы і ўвагі, каб прасоўваць гэтую справу, ствараць нішы на эстрадзе, у розных жанрах мастацтва вось для гэтых артыстаў. Таму што артысты ёсць, але ніхто пра іх не ведае. Ніхто не возьме на сцэну чалавека ў калясцы, які б голас у яго ні быў. А каб ствараць магчымасці для такіх людзей, і патрэбны такія конкурсы. Такія фестывалі вельмі ўмацоўваюць — і бацькоў, і дзяцей, і тых, у каго няма такіх праблем», — падзялілася разважаннямі Тамара Лісіцкая.


Падчас фестываля былі ўзнагароджаны фіналісты ў васьмі намінацыях. Дзеці і моладзь з абмежаванымі магчымасцямі і без іх выступалі і паказвалі свае таленты ў розных жанрах і накірунках.

Глыбокія вершы пра шчасце, жыццё і каханне ўзрушылі залу сваім лірызмам, адкрытасцю і чысцінёй.

Майстэрства валодання музычнымі інструментамі паказалі фіналісты намінацыі «Інструментальны жанр». Меладычныя і жывыя гукі фартэп’яна і задорнае спалучэнне мелодый цэлых музычных калектываў стваралі атмасферу радасці, атмасферу цеплыні і шчырасці, якой гэтыя дзеці перапоўнены.

Што датычыць «Танцавальнага жанру», то тут было цэлае суквецце стыляў. Рамантычны вальс на калясках, больш жвавая кампазіцыя «Абуджэнне», а таксама шыкоўны ўсходні танец.

Майстры вакалу зачаравалі прысутных пранікнёнымі спевамі і моцнымі галасамі. Увогуле, журы неаднаразова прызнавалася падчас канцэрту, што было вельмі складана выбраць пераможцу, таму што ўсе дзеці вельмі таленавітыя.

Неардынарнымі і цікавымі былі выступленні фіналістаў «арыгінальнага жанру». Дзеці і моладзь у адным нумары спалучалі спевы, танец і тэатральныя пастаноўкі.

Таксама падчас фестываля былі ўзнагароджаны пераможцы ў намінацыях «Выяўленчае мастацтва» і «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», працамі якіх можна было натхніцца ў выставачнай Зале Тэатра юнага гледача.


Фотаздымкі фіналістаў намінацыі «Фота майстэрства» былі паказаны на вялікім экране ў канцэртнай зале тэатра. 

«Мы тры дні жылі разам у адным месцы і перазнаёміліся, пасябравалі, плакалі на кожным выступленні. Для мяне гэта вельмі важна, таму што такіх мерапрыемстваў вельмі мала ў Беларусі, і калі такое адбываецца, мы актыўна ўдзельнічаем. Гэта прыносіць вялікую радасць і дае надзею, што калі-небудзь выйдзе на іншы ўзровень», —  падзялілася сваімі думкамі і ўражаннямі пераможца намінацыі «Вакальны жанр» Карына Ромыш з Жодзіна.

Сярэбраны прызёр той жа намінацыі Ілья Шпак з Брэста вельмі ўзрадаваны і шчаслівы магчымасцю выступаць на мінскай сцэне.

«Мне вельмі падабаецца гэты конкурс. Я тут сябе цудоўна адчуваю, таму з задавальненнем выступаў сёння», — заўважыў хлопец.


Творча падтрымлівалі дзяцей сваімі выступамі зоркі беларускай эстрады.

«Самае галоўнае, што вы працягваеце шукаць сябе. Памятайце, што самая галоўная перамога — гэта перамога над самім сабой. Таксама хачу падзякаваць бацькам, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей. Няхай Бог будзе з вамі і дадае вам сіл», — пажадаў удзельнікам спявак Аляксандр Патліс.


Дырэктар «Мінскай хвалі» Тамара Вяцкая падчас уручэння ўзнагароды ў намінацыі «Паэтычны жанр» заўважыла:

«Бог ёсць любоў, гэта павінны разумець усе. Я разумею тых бацькоў, якім вельмі складана. Але я хачу сказаць адно, што шчасце не залежыць ні ад чаго. Калі хочаш быць шчаслівым, то ты будзеш шчаслівым. І ты будзеш шчаслівым тады, калі ты патрэбен. Мы гатовы чытаць вершы гэтых дзяцей у эфіры, і няхай як мага больш людзей даведаюцца пра іх творчасць».


«Я вельмі хачу быць карыснай кожнаму з гэтых дзяцей. Спадзяюся, што ўсе мае крокі ў гэтым накірунку хоць крыху дапамогуць ім дасягнуць іх мэтаў», — падзялілася Наталля Губар, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ГА «БелАДДІіМІ».

Падчас фестываля і пасля яго можна было бачыць розную рэакцыю гледачоў і ўдзельнікаў. Хтосьці, узрушаны, плакаў, хтосьці радасна ўсміхаўся, хтосьці рабіў сэлфі і фотаздымкі з юнымі артыстамі і  вядучай.

«Я не магу... Узрушылі мяне гэтыя дзеці, узрушылі», — мімаволі падслухала я размову супрацоўніц тэатра і падумала: «А сапраўды ж узрушылі, да самога сэрца дакрануліся, больш за тое, паказалі, як трэба па-сапраўднаму ЛЮБІЦЬ гэтае жыццё, не проста існаваць і не наракаць часам нават на дробязі, а жыць, бо “жыццё даецца, каб жыццё тварыць”». 

Марына Валасар,

фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by