«Адзіны спосаб выказаць любоў да мяне — судакрануцца падушачкамі пальцаў»: прэм’ера спектакля на тэму аўтызму прайшла ў Мінску | Друк |
Грамадства
04.04.2016 12:59

Што адчувае, як бачыць навакольны свет дзіця з аўтызмам і як успрымае яго нашае грамадства? Гэтыя і іншыя пытанні падымаліся ў пастаноўцы рэжысёра Андрэя Саўчанкі, якая адбылася 2 красавіка ў этнацэнтры «Рагна» ў Мінску. 

Драматычны спектакль па творы англійскага пісьменніка Марка Хэдана «Таямнічае начное здарэнне з сабакам» — гэта адна з пастановак у межах міжнароднага праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю» пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Праект накіраваны на фарміраванне пазітыўнага стаўлення да людзей з інваліднасцю.


«Калі тата ці хтосьці іншы хоча мяне абняць або засведчыць, што любіць мяне, адзіны магчымы для мяне спосаб — судакрануцца падушачкамі пальцаў», — захапіў сваёй рэплікай аўдыторыю галоўны герой.

Паказ спектакля быў прымеркаваны да Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму.

Ініцыятарам стварэння пастаноўкі выступіла Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» (ГА «БелАДДІіМІ»), а рэалізатарам — рэжысёр Андрэй Саўчанка разам з групай студэнтаў Акадэміі мастацтваў.

«Да мяне звярнуліся арганізатары і прапанавалі некалькі матэрыялаў, — распавёў Андрэй. — Мне падалося, што ў такім варыянце, які мы сёння бачылі, Хэдан можа прагучаць сапраўды кранальна».


Адметна, што ў пастаноўцы ігралі не артысты са стажам, а студэнты 3 курса Беларускай Акадэміі мастацтваў. Гэта майстэрня народнага артыста Беларусі Мікалая Кірычэнкі.

«Я ўявіў, што са студэнтамі гэтая пастаноўка можа атрымацца больш пранікнёнай. Мы пачалі рэпетыцыі. Спачатку мы прачыталі матэрыял і сталі яго абмяркоўваць, потым быў дадзены заклік зрабіць заяўкі на ролі. Было цікава, хто якога героя абярэ, хто што будзе шукаць.

Такім шляхам адбору і пошуку мы ішлі. Гэты шлях — толькі пачатак. Першыя спектаклі — гэта толькі спробы. Я думаю, што гэтаму матэрыялу патрэбны час, каб удасканаліцца і знайсці сваё месца», — заўважае рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Андрэй Саўчанка.


Знаёмства з галоўным героем, яго сям’ёй, гісторыя з таямнічым забойствам сабакі і расследаванне гэтага здарэння — усё гэта было паказана студэнтамі Акадэміі мастацтваў вельмі неардынарна, цікава і па-сучаснаму.

Многія з гледачоў падчас абмеркавання спектакля заўважылі яго цікавае знешняе афармленне. Фонавыя гукі, мелодыі на заднім плане стваралі дзіўны і для большасці незразумелы свет галоўнага героя.


«Пасля таго, як я прачытаў п’есу, я склаў сабе вобраз і план, што б хацеў падкрэсліць музыкай і ў чым сам разабрацца. Гэта не гатовы матэрыял, гэта хутчэй праца над гукам. Нейкіх яркіх меладычных рэчаў я не раблю. Гэта хутчэй праца на характары і штрыху», — распавёў гукарэжысёр спектакля Аляксей Варсоба.

Асабліва ўразіў гледачоў вобраз галоўнага героя, які вельмі праўдзіва перадаў малады акцёр Раман Шыцько. Рухі пальцаў, манера размаўляць, пастава — усё гэта рэалістычна прадстаўляла вобраз чалавека з праблемай аўтызму.


«Я спачатку не ведаў, што такое аўтызм. Быў не ў тэме. Потым прачытаў кнігу Хэдана некалькі разоў і захапіўся гэтым матэрыялам. Гэта насамрэч цудоўная кніга», — падзяліўся акцёр Раман Шыцько.

«Гэта цікавы матэрыял, і што далей будзе — таксама цікава. Есць энергія, ёсць жаданне, ёсць сілы для таго, каб працягваць», — заўважыў іншы акцёр, Андрэй Корзан, у пастаноўцы — паліцэйскі.

Паглядзець пастаноўку прыйшлі прафесійныя акцёры, рэжысёры, прадстаўнікі СМІ і проста ўсе зацікаўленыя людзі.


Сваімі ўражаннямі ад пастаноўкі падзялілася беларуская актрыса Ганна Палупанава: «Тэма інклюзіі вельмі блізкая майму сэрцу і важная для мяне. І мяне вельмі радуе той факт, што менавіта маладыя людзі іграюць у спектаклі пра аўтызм. Напрыклад, маё пакаленне і пакаленне старэйшае не сутыкаліся з інвалідамі, таму што іх проста не было ў грамадстве, і я вельмі шчаслівая, што зараз існуюць праграмы, якія распаўсюджваюць інфармацыю ў грамадстве аб тых людзях, якія проста выкінуты за борт».

У цэнтры «Рагна» гледачы ўбачылі толькі пачатак гісторыі галоўнага героя Крыстафера, які бачыць свет праз хваробу аўтызму.

Прэм’ера ж поўнага спектакля плануецца на 20 красавіка ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

Марына Валасар,

Фота аўтара

 
© 2003-2022 Catholic.by