Віртуальны музей кляштара картузіянцаў прэзентуюць у Бярозе | Друк |
Грамадства
13.04.2016 16:51

У Бярозе (Брэсцкая вобласць) завяршаецца праца над стварэннем у Год культуры віртуальнага музея кляштара картузіянцаў XVII ст.

Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчык галерэі мастацтваў Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Юлія Сычык. «Нам хочацца пазнаёміць з гісторыяй кляштара як мага больш людзей. Асабліва тых, у каго няма магчымасці наведаць Бярозу. Бо кляштар картузіянцаў з’яўляецца візітнай карткай горада. Нягледзячы на тое, што залы музея існуюць у віртуальнай прасторы, усе яго экспанаты рэальныя», – адзначыла загадчык галерэі мастацтваў.

Ад велічнага кляштара картузіянцаў, які з’яўляецца помнікам архітэктуры барока, у Бярозе захаваліся руіны і брама. Але ў аматараў гісторыі ёсць магчымасць пазнаёміцца з жыццём старажытнага кляштара. Інтэрнэт-карыстальнікам прапануецца прагуляцца па шасці залах віртуальнага музея кляштара.

Як і ў сапраўдным музеі, наведвальнікі змогуць не спяшаючыся пад аўдыёсуправаджэнне прайсціся па экспазіцыі, разгледзець экспанаты паблізу. Першая зала распавядае пра Бярозу ў складзе Вялікага княства Літоўскага, другая прысвечана гісторыі ордэну картузіянцаў, трэцяя – жыццю манахаў бярозаўскага кляштара. Таксама ў наведвальнікаў будзе магчымасць параўнаць, як выглядаў кляштар на пачатку ХХ ст. і зараз. У шостай зале размешчана віртуальная карцінная галерэя.

На стварэнне праекта аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі патрабавалася каля паўгода. У бліжэйшы час віртуальны музей будзе даступны ў інтэрнэце. Ён будзе размешчаны на сайце Бярозаўскага райвыканкама. Там жа будзе магчыма паглядзець 21-хвілінны відэаролік аб побыце картузіянцаў.

Паводле belta.by

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by