Расоны: крыж праляжаў у зямлі амаль 70 год |
| Друк | |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
23.02.2010 16:47 |
Няма такіх памылак мінулага, якія час не здолеў бы выправіць сёння. У гісторыі ўсё вяртаецца на свае месцы. Так і ў Расонах (Віцебская дыяцэзія, Полацкі дэканат) знайшоўся крыж, які мае амаль паўтары стагоддзі. Металічны каваны крыж у свой час быў усталяваны на адной з вежаў горбачаўскага касцёла святога Юзафа (Расонскі раён), пабудаванага ў сярэдзіне ХІХ ст.
У другой палове ХХ ст. касцёл быў знішчаны і цалкам разабраны. Так вуглавы камень касцёла з высечаным надпісам праз дзесяцігоддзі трапіў у фундамент дома № 2 па вуліцы імя Леніна ў Расонах, што побач з цэнтральнай раённай бальніцай. Незайздросным стаў лёс і аднаго з крыжоў, што ўзвышаліся над святыняй. Прыкладна дваццаць год таму на ўзвышшы, дзе некалі стаяў касцёл, працаваў трактар і раптам выкапаў з зямлі крыж. Каля возера Нешчарда ён і быў знойдзены жыхаром вёскі Горбачава Віктарам Малікавым, які потым зноў закапаў яго ў зямлю, так, як рабілі ў пасляваенныя гады: схаваць да адпаведнага часу. І вось толькі напрыканцы 2009 года ён адкапаў крыж і на пачатку бягучага года перадаў сваю знаходку расонскаму касцёлу. Пасля рэстаўрацыі крыж зойме годнае месца ў новым касцёле святога Язафата Кунцэвіча, што будуецца на беразе возера Расоны.
Даведка
У мінулым на тэрыторыі раёна было 9 капліц (у тым ліку філіяльныя касцёлы) і адзін парафіяльны касцёл святога Юзафа ў Горбачаве. Тры святары, якія працавалі ў першай палове ХХ ст. на тэрыторыі раёна, загінулі ў лагерах. На пачатку ХХ ст. на тэрыторыі раёна жыло каля 4 тысяч католікаў.
Новая гісторыя Касцёла ў Расонскім раёне распачалася ў 2000 г. У той час была зарэгістравана парафія Святога Язафата Кунцэвіча. У 2005 г. распачалося будаўніцтва новага касцёла, асвячэнне якога адбудзецца 18 верасня 2010 г. Сёння парафія актыўна займаецца арганізацыяй пілігрымак да месца пахавання парафіяльнага апекуна — мучаніка беларускай зямлі св. Язафата Кунцэвіча, аб чым можна даведацца на сайце www.piligrymka.by.
Кс. Вячаслаў Барок
|