Душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі арганізавала сустрэча ў абарону жыцця | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
11.03.2010 12:53
З 6 па 8 сакавіка 2010 г. у в. Пятроўшчына (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі  дэканат) праходзіла трохдзённая сустрэча для ўсіх зацікаўленых і неабыякавых да пытання абароны зачатага жыцця і захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў, арганізаваная Душпастырствам сем’яў Віцебскай дыяцэзіі.

Сустрэча мела пераважна духоўны характар: кожны дзень удзельнікі сустрэчы прымалі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў душпастыр сем’яў Віцебскай дыяцэзіі кс. Алег Півавар, удзельнічалі ў Крыжовым шляху з разважаннямі над трагедыяй аборта, разважалі над тэкстамі Святога Пісання па адпаведнай тэматыцы.

У практычнай частцы сустрэчы праходзіла падрыхтоўка валанцёраў да дзейнасці па справе абароны жыцця. Удзельнікі сустрэчы звярталіся да папскіх энцыклік, прысвечаных пытанням сям’і («Humanae vitae» Паўла VI; «Evangelium vitae» Яна Паўла II; Канстытуцыя Ватыканскага Сабору «Gaudium et spes»), знаёміліся з вопытам замежных арганізацый «За жыццё». Дзякуючы ўдзелу ў семінары ўрача акушэра-гінеколага Мазгуновай С.Ф. (Барысаў) і сямейнага кансультанта-псіхолага Валаховіч А.Э. (Магілёў) прысутным былі  рознабакова раскрыты фізічныя і псіхалагічныя наступствы абортаў. Асаблівую зацікаўленасць выклікалі гісторыі жанчын, якія адмовіліся ад забойства сваіх немаўлят і захавалі ім жыццё. Большасць з гэтых дзяцей ужо нарадзіліся на свет.

Дадзеныя сустрэчы робяць свой уклад у распаўсюджванне цывілізацыі жыцця і любові на беларускай зямлі, а таксама падтрымліваюць людзей, якія актыўна займаюцца гэтай высакароднай справай.

   Святлана Варанко

 
© 2003-2024 Catholic.by