Парафіяльная ўрачыстасць у Порплішчы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.05.2010 13:20

3 мая 2010 г. у Порплішчы (Віцебская дыяцэзія, Докшыцкі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць. Нягледзячы на будні дзень, вернікі мясцовай парафіі, якая мае тытул Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, прыйшлі ў касцёл, каб дзякаваць Нябеснай Маці за заступніцтва.

Назва парафіі ў Порплішчы мае свае гістарычныя карані. Яна звязана з культам Маці Божай, які быў распаўсюджаны на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. На думку вернікаў, Марыя заступілася за польскі народ у яго барацьбе са шведамі падчас абароны Чэнстаховы ў 1655 г.

У 1908 г. папа Пій Х дазволіў у ларэтанскай літаніі ўжываць заклік «Каралева Кароны Польскай». У 1923 г. па просьбе Епіскапату Польшчы Апостальскай Сталіцай было ўстаноўлена свята Маці Божай Каралевы Польшчы, якое адзначаецца 3 мая. Гэта было звязана з цудоўным уратаваннем Польшчы ад бальшавіцкай агрэсіі. У 1969 г. папа Павел VI па просьбе кардынала Стэфана Вышынскага ўзнёс гэтае свята да рангу ўрачыстасці.

Урачыстую літургію канцэлебравалі святары Докшыцкага дэканату. Узначаліў святую Эўхарыстыю дэкан Глыбоцкі кс. прэлат Мечыслаў Янчышын. У гаміліі кс. Янчышын падкрэсліў актуальнасць заступніцтва Марыі ва ўсе часы.
Напрыканцы набажэнства адбылася эўхарыстычная працэсія і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by