Пятроўшчына: дзіцячы лагер «Надзея» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.06.2010 12:03
10 чэрвеня 2010 г. у в. Пятроўшчына (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) адбылося адкрыццё летняга лагера «Надзея». Адметна тое, што арганізаваны ён супольнымі намаганнямі глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы і Аддзела адукацыі глыбоцкага райвыканкама.

Адпачываць у летнім лагеры будуць маленькія глыбачане — навучэнцы мясцовых школ. Праграма — адпачынкава-аздараўляльная. Але, безумоўна, вялікая ўвага надаецца духоўнаму выхаванню. Дзеткі з каталіцкіх сем’яў штодня прымаюць удзел у святой Імшы, удзельнічаюць у катэхезах і пазнавальных конкурсах.

Сярод выхавацеляў ёсць як свецкія, так і духоўныя асобы. Сястра Анна Блышко RM і с. Марыянна Гроць RM выдатна спраўляюцца з нялёгкай педагагічнай працай. Увазе дзяцей прапаноўваюцца разнастайныя інсцэніроўкі. Дзеці вельмі ахвотна прымаюць удзел у танцах і спартыўных спаборніцтвах. У межах дзіцячага лагера плануецца краязнаўчае падарожжа па касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі. А ў нядзелю 13 чэрвеня маленькія пілігрымы наведалі суседнюю парафію ў в. Удзела, дзе прынялі ўдзел у парафіяльнай урачыстасці з нагоды ўспаміну св. Антонія Падуанскага.

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by