Удзела: урачыстасць ва ўспамін святога Антонія ў Удзела | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.06.2010 13:54
13 чэрвеня 2010 г. удзельская парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Віцебская дыяцэзія) святкавала ўспамін св. Антонія Падуанскага. Касцёлам апякуюцца айцы францішкане, таму культ гэтага святога даволі пашыраны ў вёсцы Удзела і наваколлі. На свята з’ехаліся святары з розных дэканатаў і вернікі з суседніх парафій.

Святая Імша цэлебравалася ў адноўленым касцёле, якую ўзначаліў кс. Мечыслаў Янчышын, дэкан Глыбоцкі. Гамілію прамовіў кс. Віктар Місевіч, у якой прывёў кароткую біяграфію св. Антонія і разважаў над яго шляхам да святасці.

Пасля святой Імшы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам прысутныя маліліся Літанію да св. Антонія Падуанскага. У некаторых на вачах былі слёзы: можа, слёзы ўдзячнасці за выслуханую просьбу, а можа, надзеі на дапамогу апекуна. Святы Антоній лічыцца магутным заступнікам. Да яго звяртаюцца з просьбамі аб навяртанні, аб вырашэнні складанай сітуацыі і аб знаходжанні згубленай рэчы або чалавека. Сапраўды, глыбокі сэнс маюць словы папы Льва ХІІІ, які назваў св. Антонія святым усяго свету.

Пасля эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла пробашч парафіі а. Міраслаў Капчэўскі OFMConv запрасіў усіх дзяцей падыйсці да алтара. Маленькія вернікі ва ўспамін св. Антонія Падуанскага атрымалі з рук святароў спецыяльнае благаслаўленне.

Кс. Віктар Місевіч
 
© 2003-2024 Catholic.by