Браслаў: V Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі — аднаўленне духоўных сіл і натхненне на добрыя справы | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.08.2010 00:51

19 жніўня 2010 г. у Браславе распачалася V Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі. Маладыя католікі сабраліся ў санктуарыі Маці Божай Валдаркі Азёраў, каб засведчыць сваю любоў да яе Сына. Сустрэча пачалася св. Імшой і прадстаўленем груп. Напрацягу дня моладзь сустракалася на малітве, прымала ўдзел у адмысловых працоўных групах, а таксама вучылася танцаваць.

20 жніўня сустрэча працягвалася ў цудоўным настроі і малітоўным запале. Увесь час з маладымі вернікамі быў прысутны біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Пасля малітоўных сустрэч на мясцовым стадыёне адбыўся матч паміж камандай святароў і камандай моладзі. Гульцы праявілі нястомнае імкненне да перамогі. Было бачна, што яны не толькі ўмеюць аддана маліцца, але і праслаўляць Бога падчас гульні. Да гонару духавенства, трэба сказаць, што змагаліся яны ўпарта і заўзята, аднак не змаглі ўстаяць перад націскам маладосці і запалу моладзевай каманды. Выйграла моладзь.

Пасля вячэры ў касцёле адбыўся канцэрт моладзевага духавога аркестра з Замброва (Польшча). У выкананні гасцей прагучалі цікавыя кампазіцыі. Якраз на канцэрт завітаў біскуп Антоній Косса з Малдовы, які з нагоды святкавання юбілеяў правядзе ў Браславе некалькі дзён. На дні моладзі завітаў кс. Кармэла Джаратана з Рыма. Святар прывёз для беларускай моладзі падарункі і перадаў прывітанне ад Святога Айца.

Пасля канцэрта адбыўся Крыжовы шлях, падрыхтаваны ўдзельнікамі сустрэчы. Набажэнства было арганізавана незвычайна: без працэсіі ад стацыі да стацыі. Малітва выглядала як жывая размова моладзі з Езусам. Перад Крыжовым шляхам кс. Вячаслаў Пялінак МІС заахвоціў прысутных пазбавіцца ад масак, якія перашкаджаюць нам быць шчырымі ў размове з Богам. Святар заклікаў паразмаўляць з Езусам шчыра.

Завяршыўся другі дзень сустрэчы супольнай малітвай перад Езусам Эўхарыстычным і благаслаўленнем. Наперадзе яшчэ два дні юбілейных урачыстасцей, на якіх чакаецца выступленне прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, прыбыццё гасцей з-за мяжы і начное чуванне.

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by