Біскуп Антоній Коша ў Браславе: сёння свет патрабуе сведчання Божай любові | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2010 00:26

Па традыцыі на ўрачыстасці ў Браславе, якія адзначаюцца 21–22 жніўня, па запрашэнні біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна прыбываюць шматлікія госці. На гасціннасць беларускага іерарха з радасцю адказваюць і душпастыры з-за мяжы. Адным з тых, хто ў гэтыя дні знаходзіцца ў святочным Браславе з’яўляецца біскуп Антоній Коша з Малдовы. У межах святкавання іерарх узначаліў святую Імшу.

У гаміліі біскуп Антоній Коша адзначыў, што гэты год, які прайшоў пасля каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, стаў для мясцовай супольнасці часам асаблівай блізкасці з Марыяй, часам малітвы і ціхага сузірання перад яе абліччам.

Па словах іерарха, тут, у Браславе, добра адчуваецца, як Бог палюбіў чалавека. «А нашае заданне — быць на зямлі сведкамі Божай любові. Менавіта сёння неабходна гэтае сведчанне, калі людзі страчваюць надзею на лепшае жыццё», — дадаў біскуп з Малдовы.

Іерарх заклікаў мясцовых вернікаў молячыся праз заступніцтва Маці Божай Валадаркі Азёраў прасіць не толькі за сябе і сваіх блізкіх, але за ўсіх людзей. Святар заахвоціў да няспыннай малітвы аб міры і згодзе паміж людзьмі, аб узаемным прабачэнні, любові і дабрыні.

Біскуп Антоній Коша нагадаў, што Марыя, якая ўважліва слухала Божае слова і жыла ім, з’яўляецца прыкладам паводзінаў сапраўднага хрысціяніна: жыць паводле Евангелля і наследаваць Яе Сына.

 
© 2003-2024 Catholic.by