Імша апоўначы ў святочным Браславе: ушаноўваць Бога праз Марыю | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2010 01:48

21 жніўня 2010 г. апоўначы святую Імшу ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў узначаліў госць з Польшчы — дапаможны біскуп Гнезненскай дыяцэзіі Войцех Поляк. Канцэлебравалі літургію біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Адзеска-Сімферопальскай дыяцэзіі Пётр Мальчук,  Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі і шматлікія святары, якія прыбылі ў Браслаў, каб стаць удзельнікамі гэтых вялікіх урачыстасцяў.

Напачатку літургіі, якая цэлебравалася на польскай мове, біскуп Поляк заахвоціў усіх, хто ў гэтую ноч стаяў перад абразом Маці Божай, прасіць Яе аб заступніцтве ў штодзённым жыцці.

Гамілію прамовіў Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі. «Прыходзім сёння, каб ушанаваць Даўцу ўсяго, ушанаваць у Яго Маці», — звярнуўся да прысутных іерарх. Працягваючы думку, арцыбіскуп Макшыцкі разважаў: «Ведаем, што праз першародны грэх мы страцілі не толькі даброты, якімі Пан Бог адарыў першых людзей, але і здольнасць уласцівага карыстання дарамі прыроды, якія Бог са сваёй дабрыні нам даверыў». Чалавек, як нагадаў арцыпастыр, стаў гаспадаром зямлі, што з’яўляецца гарызантальным вымярэннем яго развіцця, у якім прымаюць удзел усе людзі. Па словах іерарха, прысутнасць шматлікіх вернікаў на ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, сведчыць аб тым, што не дастаткова толькі гарызантальнага вымярэння развіцця чалавека, бо ў выніку гэта прывядзе да смерці. Сапраўдны ж сэнс нашага існавання на гэтай зямлі, як адзначыў арцыбіскуп, мае вертыкальнае вымярэнне — імкненне да святасці, да жыцця вечнага.

Пасля заканчэння святой Імшы вернікі ахвяравалі Маці Божай ружанцовую малітву і працэсію вакол касцёла са свечкамі. У 3 гадзіны ночы ў браслаўскай святыні распачалося чуванне ў духу Тэзэ, якое доўжылася да 4-ай гадзіны раніцы. Вернікі чувалі да 8 гадзін раніцы.

 
© 2003-2024 Catholic.by