Парафіяльная ўрачыстасць у Парафіянаве | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.09.2010 13:50

12 верасня 2010 г., у свята Найсвяцейшага Імя Марыі, Парафіянава (Віцебская дыяцэзія, Докшыцкі дэканат) адзначала парафіяльную ўрачыстасць. Шматлікія вернікі сабраліся ў святыні ў гэты дзень. Былі і госці з іншых дыяцэзій, якіх шчыра прывітаў пробашч парафіі кс. Марат Казлоўскі.

На свяце прысутнічалі святары з Докшыцкага і Браслаўскага дэканатаў. Ксёндз Юрый Жаўняровіч з Дрысвятаў цэлебраваў Найсвяцейшую Ахвяру і прамовіў гамілію. Святар звярнуў увагу слухачоў на тое, што ў Марыі чалавек можа найлепш разгледзець вобраз Божы, і заахвоціў вернікаў на ўзор Маці Божай весці сціплае і пакорнае жыццё.

Шмат людзей прыступіла да сакрамэнту пакаяння і прыняло Хлеб Нябесны — святую Камунію. Адбылася традыцыйная эўхарыстычная працэсія, сапраўдным упрыгожаннем якой былі дзеткі і моладзь. Калі яны сваім сэрцам прымаюць Езуса — значыць, Касцёл у Беларусі жыве.

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2025 Catholic.by