Чуванне ў Дунілавічах: не бойцеся жыць для любові | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.09.2010 12:02
Суботнім вечарам, 18 верасня 2010 г., у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў в. Дунілавічы  (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) адбылося малітоўнае чуванне для сем’яў. Гэта была сапраўдная сустрэча з Панам Богам.

Распачалося чуванне з выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітвы да Святога Духа, каб дапамог адкрыць свае сэрцы для Хрыста. На працягу трох гадзінаў быў выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт, і кожны меў магчымасць сам-насам адараваць Езуса Хрыста. Паўсюль былі запалены свечкі. Адчувалася трапятанне, біццё сэрцаў у гэтай нявыказанай цішыні. Гучалі цудоўныя спевы хору, прамаўляліся малітвы, чыталіся ўрыўкі са Святога Пісання, узносіліся малітвы просьбы, падзякі і перапрашэння. Мы маліліся за сем’і нашай парафіі, дзякавалі за дар сужэнскай любові, за дар жыцця нашых дзяцей. Бацькі прасілі ў Духа Святога мудрасці, каб дапамагчы дзецям распазнаць іх жыццёвае пакліканне.

На сустрэчу прыйшло многа людзей: гэта і сем’і з нашай парафіі, і  людзі старэйшага пакалення, і моладзь. Усе прысутныя былі ўражаны той атмасферай, якая панавала ў касцёле.

Хочацца выказаць словы падзякі тым, хто арганізаваў гэтае чуванне: пробашчу нашай парафіі кс. Паўлу Самсонаву, катэхетцы Ліліі, арганісту Дзмітрыю, а таксама кс. Мікалаю, які прыехаў, каб разам з намі памаліцца і прыняць удзел у святой Імшы, якою завяршылася малітоўнае чуванне.

                    Вячаслаў Дземітка
 
© 2003-2024 Catholic.by