Парафіяльная ўрачыстасць у Дунілавічах | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
01.10.2010 15:08
29 верасня 2010  г. у дзень успаміну святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах (Віцебская дыяцэзія. Пастаўскі дэканат) адбыўся фэст. На свята прыбылі парафіяне і святары з розных дэканатаў.

Цікава, што, мабыць, уперашыню ў Віцебскай дыяцэзіі загучалі Гадзінкі ў гонар св. арханёла Міхала. Вернікі маліліся гэтай прыгожай малітвай у суправаджэнні парафіяльнага хора, якім кіраваў Зміцер Гарэлаў, навучэнец Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне (Польшча). Адназначна можна казаць, што выкананне такога рэдкага спеву вернікамі ў Дунілавічах — гэта яго заслуга.

Святую Імшу цэлебраваў кс. дэкан Андрэй Возьняк з Паставаў, канцэлебравалі прысутныя святары. Слова Божае прамовіў кс. Віктар Місевіч. Святар прысвяціў гамілію праблеме рэлігійнай інфантыльнасці і засяродзіўся над роляй анёлаў у збаўленні чалавека. Пасля Эўхарыстыі і словаў падзякі пробашча кс. Паўла Самсонава адбылася Эўхарыстычная працэсія. Сабраныя вернікі прасілі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам заступніцтва святых арханёлаў, была прачытана Літанія да св. арханёла Міхала.

Варта адзначыць, што гонарам дунілавіцкай парафіі з’яўляецца гатычная манстранцыя — рэдкасць у беларускіх парафіях. Падчас атэістычных ліхалеццяў вернікі з пашанай захоўвалі яе ў сваіх хатах, і цяпер манстранцыя змяшчае ў сабе бясцэнную каштоўнасць — жывога Езуса ў постаці хлеба.

Сённяшні свет патрабуе магутнага заступніцтва. Нашая краіна аддадзена ў апеку св. арханёлу Міхалу. Молімся, каб споўніліся словы малітвы: «Святы арханёле Міхале, Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку „Хто ж, калі не Бог!“ Амэн».

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by