Парафіяльная ўрачыстасць у Бягомлі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
24.11.2010 13:21

У нядзелю, 21 лістапада 2010 г., парафія Хрыста, Валадара сусвету, у Бягомлі (Віцебская дыяцэзія) адзначала патранальнае свята. Святкаванне ўрачыстасці пачалося з самога ранку акцыяй міласэрнасці ў мясцовым доме-інтэрнаце.

Маладыя католікі з в. Дзеркаўшчына (Глыбоцкі дэканат) прадставілі маленькім гледачам займальную праграму з конкурсамі і песнямі. Напрыканцы сустрэчы дзеці атрымалі падарункі —  школьныя прыналежнасці і слодычы. Падарункі былі падрыхтаваны намаганнямі і за сродкі парафіянаў Бягомля.

Пасля сустрэчы ў доме-інтэрнаце святкаванне працягнулася ў парафіяльным доме і капліцы. Адбылася ўрачыстая св. Імша, на якую завіталі святары і вернікі з Докшыцкага дэканата, а таксама моладзь з Полацка. Святую Імшу ўзначаліў кс. Павел Урбан, выкладчык Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах. Са словамі казання да вернікаў звярнуўся кс. Андрэй Кулік, які засяродзіў увагу вернікаў на пытанні развіцця і паглыблення веры. Малітоўная частка фэсту завяршылася малітвамі перад Езусам Эўхарыстычным, благаслаўленнем і спевам гімну «Магутны Божа».

Пасля гэтага моладзь з Дзеркаўшчыны зноў парадавала прысутных сваім артыстызмам, спяваючы рэлігійныя песні пад гітару.

Завяршылася ўрачыстасць пачастункам для гасцей.

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by