Лепшыя тэнісісты — у Дзісне: турнір сярод міністрантаў Віцебскай дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.11.2010 14:07
У апошнюю суботу лістапада, перад распачаццем Адвэнту, у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзісне праводзіўся турнір па настольным тэнісе сярод міністрантаў Віцебскай дыяцэзіі.

Як аказалася, настольны тэніс сярод міністрантаў не так распаўсюджаны, як футбол, таму ў турніры прымалі ўдзел толькі чатыры каманды: з Дзісны, Мёраў, Лучая і каманда з Дзісненскага дзіцячага дому. Аднак, як паказалі спаборніцтвы, узровень падрыхтоўкі некаторых хлопцаў аказаўся даволі высокі.

У выніку за прызавыя месцы змагаліся міністранты з Мёраў і Дзісны. Пасля фінальных гульняў трэцяе месца заняў Уладзіслаў Тычко з Мёраў, другое — Віталій Вармахоўскі з Дзісны і абсалютным пераможцам турніра стаў Уладзіслаў Гіржда з Дзісны.

Спаборніцтвы, якія праводзяцца сярод міністрантаў, у чарговы раз паказалі, што спорт можа быць добрай магчымасцю, каб сустрэцца і падзяліцца сваімі талентамі. Таму добра было б, каб спартыўным мерапрыемствам сярод веруючай моладзі ўдзялялася ў парафіях больш увагі.

Кс. Аляксандр Грыцкевіч
 
© 2003-2024 Catholic.by