Копія Турынскай Плашчаніцы наведала касцёл у Варапаеве | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
31.01.2011 14:13

З 23 па 30 студзеня 2011 г. касцёл св. Міхала Арханёла і благаслаўлёнага біскупа Міхала Козаля ў Варапаеве (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) наведала копія Турынскай Плашчаніцы. Гэтая рэліквія гаворыць нам пра цярпенні, якія спазнаў Езус Хрыстус і якія збавілі ўсё чалавецтва.

На Плашчаніцы можна ўбачыць адбітак постаці чалавека, які быў моцна збіты і ўкрыжаваны. Гэты пажоўклы кавалак палатна — маўклівы сведак цярпення, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Яна з’яўляецца адной з самых вядомых рэліквій, якая здзіўляе ўвесь свет.

На працягу ўсяго тыдня касцёл у Варапаеве быў адчынены для кожнага чалавека, які прагнуў убачыць і памаліцца перад гэтай асаблівай рэліквіяй. Шмат вернікаў, у тым ліку і праваслаўных, наведала касцёл. Каб убачыць Турынскую Плашчаніцу, прыходзілі нават дзеці пачатковых класаў разам з настаўніцай. Урачыстае развітанне адбылося вечарам у нядзелю 30 студзеня. Наступным месцам, якое наведае Плашчаніца, будзе касцёл св. Юды Тадэвуша ў Лучаі.

                                                                    с. Марына Брылёнак
 
© 2003-2025 Catholic.by