Каманда Дзісненскага дзіцячага дома перамагла ў турніры па мініфутболе на кубак біскупа Бліна | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.05.2011 16:52

14 мая 2011 года ў Дзісне прайшоў ІІ Турнір па мініфутболе сярод міністрантаў Віцебскай дыяцэзіі на кубак біскупа Уладзіслава Бліна. У турніры прымалі ўдзел юнакі з Мёраў, Глыбокага, Лучая і Дзісны.

Дзісненская парафія прадставіла на спаборніцтвы дзве каманды: каманду міністрантаў і каманду юнакоў Дзісненскага дзіцячага дома.

Чэмпіянат праводзіўся па кругавой сістэме, таму кожная каманда магла памерацца сіламі з іншымі. Ужо першыя матчы паказалі, што каманды маюць добрую падрыхтоўку.

Паступова з пяцёркі ўдзельнікаў пачалі вылучацца футбалісты з Дзісны, Лучая і Глыбокага. Найбольш дынамічную гульню дэманстравала каманда Дзісненскага дзіцячага дома, якая ў спаборніцтвах не мела паражэнняў.

Перад фінальным матчам высветлілася, што камандна з парафіі Лучай становіцца бронзавым прызёрам турніру. У фінал жа выйшлі дзве каманды з Дзісны. Пасля першага тайму каманда міністрантаў дзісненскай парафіі прайгравала з лікам 0:2. Другі тайм паказаў лепшую падрыхтоўку і прафесіяналізм юнакоў Дзісненскага дзіцячага дома, якія і занялі першае месца на турніры.

Шчасцю і радасці, як футбалістаў, так і іх балельшчыкаў, не было мяжы. Гэта была заслужаная перамога, а таму кожны ўдзельнік спаборніцтваў ад усяго сэрца віншаваў залатых прызёраў чэмпіянату. Пасля ганаровага ўзнагароджвання і агульнага фотаздымка ўдзельнікаў турніру чакаў пачастунак.

На наступны дзень чэмпіёны сабраліся на нядзельнай святой Імшы, дзе падзякавалі Пану Богу за свае таленты і магчымасць дзяліцца імі. А Дзісненскі дзіцячы дом наведаў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, які павіншаваў футбалістаў з перамогай і ўзнагародзіў дзяцей падарункамі.

Кс. Аляксандр Грыцкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by