«Міжнароднае» свята ў Бягомлі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.05.2011 17:05

29 мая 2011 г. у Бягомлі прайшла біскупская візітацыя. Парафію наведаў пастыр дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін. Гэтае кананічнае мерапрыемства супала з прыездам каталіцкай моладзі з Барысава, арганізаваў які а. Вячаслаў Пялінак МІС.

Напярэдадні візіту біскупа маладыя людзі з Барысава сабраліся ў бягомльскай парафіі, каб з малітвай, спевамі і танцамі супольна правесці адпачынак.

Нядзельным ранкам парафіяне з Бягомля віталі свайго біскупа. Пастыр дыяцэзіі размаўляў з вернікамі, цікавіўся жыццём парафіі, яе клопатамі і дасягненнямі. Бягомльскія католікі супольнымі намаганнямі падрыхтавалі акцыю міласэрнасці для дзетак-сіротаў з мясцовага інтэрната. З гэтай нагоды біскуп Уладзіслаў Блін наведаў інтэрнат, а таксама стаў ганаровым госцем на святочным канцэрце ў бягомльскім Доме культуры.

Тэатральныя выступленні для дзяцей падрыхтавалі хлопцы і дзяўчаты з Барысава. Выступілі таксама і самі выхаванцы інтэрната. Пасля спеваў і танцаў дзеці атрымалі падарункі з нагоды заканчэння навучальнага года. Іерарх благаславіў дзетак і заахвоціў іх любіць адно аднаго, беручы прыклад з Езуса Хрыста.

Працяг візітацыі адбыўся ў парафіяльным цэнтры. Побач з капліцай вернікі сабраліся на святую Імшу. Яны прывіталі пастыра дыяцэзіі і ўручылі яму ключ ад дзвярэй святыні, запрашаючы быць частым госцем у Бягомлі.

Імшу разам з біскупам Уладзіславам канцэлебравалі пробашч парафіі кс. Віктар Місевіч і кс. Кармэла Джаратана. Айцец Марэк Пасют з Докшыц служыў вернікам у канфесіянале. Варта дадаць, што візітацыя ў Бягомлі стала сапраўдным міжнародным мерапрыемствам, таму што ў ёй прынялі ўдзел госці з Італіі, Швейцарыі і Польшчы.

У гаміліі біскуп Уладзіслаў Блін падкрэсліў еднасць усяго Каталіцкага Касцёла і заахвоціў прысутных ісці следам за Хрыстом. Напрыканцы набажэнства адбылося асвячэнне крыжа ля капліцы. Пасля благаслаўлення барысаўская моладзь выступіла перад вернікамі з канцэртам. Завяршылася ўрачыстасць святочным абедам для ўсіх прысутных, які падрыхтавалі гасцінныя бягомльскія парафіяне.

Кс. Віктар Місевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by